„Ягелонія” згуляла ўнічыю з „Радомякам”
Беластоцкая „Ягелонія” згуляла ўнічыю з „Радомякам” 1:1 у хатнім матчы чэмпіяната Польшчы па футболе. На 25-й хвіліне матчу Фёдар Чарных адгукнуўся на падачу Бояна Насціча і адкрыў лік гульні. Настрой заўзятарам „Ягелоніі” сапсавала рашэнне суддзі, які пасля прагляду VAR угледзеў у Хесуса Імаза гульню рукой у сваёй штрафной. Караль Ангельскі ўпэўнена рэалізаваў пенальці. Пасля перыпанку супернікі галоў не забілі. „Ягелонія” пасля 11 тураў набрала 16 ачкоў і займае 7-е месца ў турнірнай табліцы.
„Сталіца” святкавала 3-ю перамогу ў чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе
Спартоўцы менскай „Сталіцы” святкавалі трэцюю перамогу ў матчах 33-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Менчане разграмілі на паркеце спарткомплексу „Уручча” землякоў з „Аховы-Дынама” 9:0. Па галявому дублю аформілі Алег Гарбенка і бразільскі легіянер „Сталіцы” Раберта Суарэш Барбоза. Раней у цэнтральным паядынку пятага тура ў Гомелі уладальнік срэбра мінулага першынства мясцовы ВРЗ згуляў унічыю з дзеючым чэмпіёнам краіны аршанскім „ВітЭнам” – 1:1. Яшчэ адзін гомельскі клуб БЧ разграміў у Берасці мясцовы клуб „Першы рэгіён” з сухім лікам 10:0. Для гамяльчан гэта чацвёртая перамога запар, а для берасцейцаў чацвёртая параза ў чатырох праведзеных сустрэчах.
Прайшло лёсаванне Еўра-2022 па мініфутболе. Зборныя Беларусі і Сербіі пазмагаюцца за месца ў групе
У нідэрландскім Зэйсце адбылася цырымонія лёсавання фінальнай часткі Еўра-2022 па футзале. Па рэгламенце 16 удзельнікаў фінальнай стадыі былі разбітыя на 4 групы па 4 каманды. Беларусь можа трапіць у групу А разам з Нідэрландамі, Украінай і Партугаліяй. Зборная Польшчы згуляе ў групе С з Расеяй, Славакіяй і Харватыяй. Сербія і Беларусь правядуць матчы плэй-оф кваліфікацыі 14 і 17 лістапада. Паядынкі фінальнага турніру пройдуць з 19 студзеня па 6 лютага наступнага года з Амстэрдаме і Гронінгене.
Аляксей Коласаў падпісаў новы кантракт з менскім „Дынама”
Брамнік Аляксей Коласаў ў другі раз за год перападпісаў кантракт са сталічным „Дынама”. Новае пагадненне будзе дзейнічаць да заканчэння сезона 2022/23. У бягучым сезоне КХЛ галкіпер адыграў у 14 матчах і мае 91,9 працэнта адбітых кідкоў, 2,42 каэфіцыента надзейнасці і адзін „сухі” матч. У верасні брамнік быў прызнаны лепшым навічком у КХЛ.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
