Ягор Герасімаў здабыў другую перамогу на турніры ў Мексіцы



Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў здабыў другую перамогу на турніры ў мексіканскім Лос-Кабасе (прызавы фонд – $715 тыс.) і выйшаў у чвэрцьфінал.

У напружаным двухгадзінным паядынку другога раўнда Герасімаў, які знаходзіцца на 301-м месцы сусветнага рэйтынгу, абыграў 2 жніўня 28-ю ракетку планеты амерыканца Сэма Куэры – 7:5, 5:7, 7:6 (8:6). Наступным сапернікам Ягора будзе 4-ы нумар сусветнага рэйтынгу аргенцінец Хуан Марцін дэль Потра, пасеяны ў Лос-Кабасе пад першым нумарам. У стартавым матчы Ягор Герасімаў быў мацнейшы за аўстралійскага тэнісіста Бернарда Томіча (153-і нумар рэйтынгу АТР) – 6:4, 6:3.

На турніры ў аўстрыйскім Кітцбюэлі (прызавы фонд – 501 тыс. еўра) беларус Максім Мірны і аўстрыец Філіп Освальд у чвэрцьфінале парнага разраду 2 жніўня вечарам згуляюць з аргенцінска-італьянскім дуэтам Федэрыка Дэльбоніс / Даніэле Брачалі.

belta.by