Ягор Герасімаў прабіўся ў 1/8 фіналу турніру ў Сафіі



Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў, які мае 81-ы нумар сусветнага рэйтынгу, паспяхова стартаваў на турніры ў балгарскай Сафіі з прызавым фондам 325 тысяч 600 еўра.

У трохсэтавым паядынку 1/16 фіналу беларус перайграў серба Віктара Троіцкі – 6:3, 3:6, 6:3. Матч доўжыўся гадзіну 45 хвілін. У гульні за выхад у чвэрцьфінал супернікам Ягора Герасімава будзе прадстаўнік Францыі Адрыян Манарыно.

На жаночым турніры ў аўстрыйскім Лінцы з прызавым фондам 202 тысячы даляраў беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч у 1/16 фіналу перайграла ў двух сэтах амерыканку Бярнарду Перу – 6:3, 6:1. Сёння яшчэ адна беларуска Арына Сабаленка ў першым раўндзе сустрэнецца з італьянскай тенісісткай Ясмін Пааліні.

Крэйг Вудкрафт прапусціць выязную серыю ХК „Дынама-Мінск” у чэмпіянаце КХЛ

Галоўны трэнер мінскага „Дынама” Крэйг Вудкрафт прапусціць выязную серыю каманды па прычыне заражэння каронавіруснай інфекцыяй, паведаміў афіцыйны телеграм-канал „зуброў”. „Адчуваю сябе добра. Хвароба працякае з невялікай колькасцю сімптомаў, так што спадзяюся прайсці праз гэты перыяд з мінімальнымі стратамі. Куды складаней прыняць каранцін як дадзенасць. І, вядома, вельмі непрыемна бачыць, як вірус зрывае камандныя планы. Гэта спусташае”, – пракаментаваў сітуацыю прэс-службе клуба настаўнік. Часова выконваць абавязкі галоўнага трэнера ў гэты перыяд будзе Міхаіл Грабоўскі. З 2 па 14 кастрычніка Крэйг Вудкрафт, як і чальцы яго трэнерскага штаба, таксама знаходзіліся на самаізаляцыі – з-за ўспышкі ў клубе каронавіруснай інфекцыі. У тую пару Крэйг Вудкрафт кіраваў камандай выдалена: ён праводзіў камандныя сходы і індывідуальныя гутаркі ў Zoom.

Джасурбек Яхшыбоеў прызнаны найлепшым гульцом „Шахцёра”

Джасурбек Яхшыбоеў прызнаны найлепшым гульцом „Шахцёра” ў кастрычніку па версіі заўзятараў. „Па выніках галасавання сярод заўзятараў, якое праводзілася на афіцыйным сайце і ў клубных сацыяльных сетках, лепшым гульцом кастрычніка прызнаны Джасурбек Яхшыбоеў. За нападніка прагаласавалі 55% рэспандэнтаў. На другім месцы размясціўся Нікола Анціч – 17%. Крыху менш – 16% – набраў Юрый Кендыш”, – гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага сайта „Шахцёра”.

«Фіярэнціна» звольніла галоўнага трэнера Джузэпэ Якіні

«Фіярэнціна» звольніла галоўнага трэнера каманды Джузэпэ Якіні, паведамляе Sky Sport Italia. Спецыяліст узначальваў фларэнтыйскі клуб з 2019 года. Паводле інфармацыі крыніцы, у бліжэйшы час «Фіярэнціна» абвесціць аб прызначэнні былога галоўнага трэнера «Джэноа» і зборнай Італіі Чезарэ Прандэлі на пасаду настаўніка каманды. Прандэлі будзе кіраваць камандай да канца сезона. Нагадаю, спецыяліст працаваў у клубе з Фларэнцыі з 2005 па 2010 год. «Фіярэнціна» набрала 8 ачкоў у 7 турах чэмпіянату Італіі і займае 12-е месца ў турнірнай табліцы. Раней фларэнтыйская каманда згуляла ўнічыю з «Пармай» 0:0. Лідарам спаборніцтваў з’яўляецца «Мілан», які набраў 17 ачкоў у 7 турах італьянскай Серыі А.

Беларускае Радыё Рацыя