Ягор Герасімаў прайграў у 1-м раўндзе кваліфікацыі тэніснага турніру ў Нью-Ёрку



Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў (69-ы нумар рэйтынгу АТР) не змог прабіцца ў другі раўнд кваліфікацыі буйнога турніру Western & Southern Open у Нью-Ёрку з агульным прызавым фондам больш за 7 мільёнаў 100 тысяч даляраў. У першым раўндзе беларус амаль без барацьбы прайграў у двух сэтах амерыканскаму тэнісісту Джэфры Волфу – 3:6, 1:6. Сустрэча працягвалася ўсяго 53 хвіліны.

Хакеісты „Шахцёра” абыгралі „Металург” у матчы групавога раўнда Кубка Салея

Хакеісты салігорскага „Шахцёра” абыгралі жлобінскі „Металург” у матчы 6-га тура Кубка Салея. Лік матчу 6:4 на карысць „гарнякоў”. Акрамя матчу ў Жлобіне, у групе А адбыліся яшчэ дзве гульні: „Віцебск” – „Брэст” і „Хімік” (Наваполацк) – „Гомель”. У выніку „мядзведзі” не без праблем адолелі берасцейскую дружыну – 4:2. Адзначым аўтара дубля ў шэрагах віцяблян Міхаіла Лістападава. „Рысяў” у Наваполацку чакаў далёка не самы гарачы прыём. Лёс сустрэчы быў вырашаны ў серыі булітаў, дзе дакладней апынуліся падначаленыя Алега Хмыля 3:2. Хоць незадоўга да сірэны аб заканчэнні трэцяга перыяду ў ліку вялі гамяльчане, якія не ўтрымалі перамогу.

У групе В хакеісты „Дынама-Маладзечна” абыгралі „Магілёў” з лікам 5:3.

„Ліда” разграміла зборную Беларусі U-18, з лікам 4:1, а гарадзенскі „Нёман” па булітах прайграў аршанскаму „Лакаматыву” – 4:5.

Чэмпіянат Беларусі па хакеі стартуе 6 верасня

Стаў вядомы каляндар чэмпіянату Беларусі па хакеі сезону 2020/2021. Такая інфармацыя змяшчаецца на афіцыйным сайце Федэрацыі хакея Беларусі. Як і раней, экстраліга будзе падзелена на два дывізіёны. У першым з іх матч адкрыцця пройдзе 6 верасня. Заўзятараў чакае сустрэча на „Чыжоўка-Арэне” „Юнацтва-Мінск” і салігорскага „Шахцёра”. Астатнія каманды выйдуць на лёд 7 верасня. Старт турніру ў дывізіёне Б будзе дадзены 9 верасня.

Усяго ў спаборніцтвах прымуць удзел 15 каманд. У экстралізе А выступяць „Юнацтва-Мінск”, „Нёман” (Гародня), „Шахцёр” (Салігорск), „Дынама-Маладзечна”, „Гомель”, „Металург-Жлобін”, „Лакаматыў” (Орша) і „Магілёў” .

У экстралізе Б будуць змагацца „Ліда”, „Брэст”, „Хімік” (Наваполацк), „Пінскія ястрабы”, „Авіятар” (Баранавічы), „Беларусь U-18” і „Віцебск”.

Па выніках першай стадыі турніру, матчы якой пройдуць з верасня па студзень, чатыры лепшыя каманды экстралігі А атрымаюць перадышку перад стартам плэй-оф, а чатыры горшых прадстаўніка наймацнейшага дывізіёна і чатыры лепшыя каманды экстралігі Б у серыях да дзвюх перамог аднаго з супернікаў вызначаць астатніх чацвярых удзельнікаў плей-оф.

Бліжэйшыя матчы футбольнага чэмпіянату Беларусі пройдуць без гледачоў на трыбунах

Бліжэйшыя матчы футбольнага чэмпіянату Беларусі ва ўсіх лігах пройдуць без гледачоў. Такое рашэнне сёння прыняў бюро выканкама асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола” у сувязі з наяўнай сітуацыяй. Сустрэчы каманд вышэйшай, першай і другой ліг, а таксама жаночага першынства краіны будуць праведзены без заўзятараў на трыбунах футбольных арэн.

Тры спартовыя каментатары «Беларусь 5» і кіраўнік аддзела карэспандэнтаў звальняюцца

SPORT.TUT.BY стала вядома, што спартовыя каментатары тэлеканала «Беларусь 5» Арташэс Антанян, Уладзіслаў Татур і Яраслаў Пісарэнка, а таксама кіраўнік аддзела карэспандэнтаў Андрэй Іваноў напісалі заяву на звальненне. У чацвер супрацоўнікі тэлеканала падпісалі заявы ў галоўнага дырэктара дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5″ Паўла Булацкага, у бліжэйшыя дні іх таксама павінен падпісаць старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант.

– Ззаду амаль сем гадоў, сотні эфіраў, сюжэтаў, інтэрв’ю. Вялікія матчы, топ-турніры. Было цікава, месцамі цяжка, але ў цэлым карысны час, добрая школа і маса станоўчых успамінаў, – напісаў Улад Татур у сваім інстаграме.

Трохразовыя чэмпіёны Беларусі перавядуць усе грошы за прададзеныя квіткі пацярпелым падчас дэманстрацый

Трохразовы чэмпіён Беларусі міні-футбольны клуб «Сталіца» падтрымаў людзей, якія пацярпелі падчас мірных пратэстаў у краіне. Аб гэтым паведамляецца на сайце клуба.

«Верым і спадзяемся, што на вуліцах нашай роднай Беларусі больш ніколі не будзе гвалту. Поўныя жадання правесці новы чэмпіянат у нашай спакойнай Беларусі, дзе заўзятары „Сталіцы”, дзе кожны беларус – усе будуць спакойныя за сваю сучаснасць і будучыню, паведамляюць у клубе. „Сталіца” накіруе ўсе атрыманыя грашовыя сродкі ад прададзеных на кожны хатні матч 2020 года квіткоў у фонды дапамогі людзям, якія пацярпелі падчас мірных дэманстрацый», – паведамляецца на сайце.

Ліянэль Месі паведаміў Роналду Куману, што хоча пакінуць „Барселону”

Аргентынскі форвард Ліянэль Месі пагаварыў з новым настаўнікам „Барселоны” Роналдам Куманам і паведаміў, што хоча пакінуць клуб.

33-гадовы форвард паведаміў трэнеру, што не бачыць сябе ў будучыні ў „Барселоне”. Аргентынец расчараваны, што каманда прайграла ў матчы 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў з „Баварыяй” 2:8, а таксама незадаволены тым, што адбываецца ў клубе. Пры гэтым Месі разумее, што яму будзе нялёгка пакінуць „Барселону”, улічваючы кантрактныя абавязацельствы.

У мінулым сезоне Месі прыняў удзел у 44 матчах ва ўсіх турнірах, у якіх стаў аўтарам 31 забітага мяча і аддаў 26 выніковых перадач. Кантракт гульца з клубам дзейнічае да лета 2021 года.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя