Ягор Герасімаў выйшаў у 1/8 фіналу турніру АТП 250 у Істбарне



Беларус Ягор Герасімаў (72-ы нумар рэйтынгу АТП) прабіўся ў 1/8 фіналу турніру АТП 250 у англійскім Істбарне. У матчы 1/16 фіналу наш суайчыннік перамог француза Жо-Вільфрыда Цонга (83 АТП) – 6:3, 6:4.

У матчы 1/16 фіналу на турніры ВТА ў Бад-Хомбурзе сустрэліся дзве беларускі. Юлія Гатоўка (N 271 ВТА) у першым сэце супраць Вікторыі Азаранкі (N 14) вяла з лікам 5:3, але ў выніку саступіла ў двух сэтах – 7:5, 6:0.

Зборная Беларусі разграміла каманду Нарвегіі і выйшла ў плэй-оф

Зборная Беларусі па пляжным футболе разграміла каманду Нарвегіі ў другім матчы еўрапейскай кваліфікацыі чэмпіянату свету – 9:2. Тым самым беларуская каманда прабілася ў плэй-оф. 

Беларуская валейбалістка Ганна Клімец будзе выступаць за італьянскую „Рому”

Дыяганальная зборнай Беларусі і маскоўскага „Дынама” Ганна Клімец працягне кар’еру ў чэмпіянаце Італіі. Такая інфармацыя размешчана ў афіцыйным запісе расейскай Суперлігі ў Facebook. Выхаванка баранавіцкай школы будзе выступаць за „Рому”. Рымскі клуб выйшаў у серыю А1, элітны дывізіён італьянскага валейбольнага першынства па выніках мінулага сезону.

„ПСЖ” гатовы заплаціць „Інтэру” за Ашрафа Хакімі да 75 мільёнаў еўра

„ПСЖ” працягвае працу над арганізацыяй пераходу абаронцы „Інтэра” Ашрафа Хакімі. Французскі клуб кантактуе і з „Інтэрам”, і з агентамі футбаліста. Парыжане гатовыя падвысіць прапанову і могуць заплаціць за 22-гадовага „латэраля” да 75 мільёнаў еўра, уключаючы бонусы.

Капітан СКА-1946 Арцём Градовіч падпісаў праглядавы кантракт з „Шахцёрам”

Хакейны клуб „Шахцёр-Салігорск” падпісаў праглядавы кантракт з капітанам СКА-1946 Арцёмам Градовічам. У мінулым сезоне 20-гадовы нападнік выступаў за СКА-1946 (МХЛ, Санкт-Пецярбург), дзе згуляў 58 матчаў, зарабіўшы 28 (16+12) ачкоў, з паказчыкам карыснасці +6.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: sport24.by