„Нью-Джэрсі” прайграў горшай камандзе Захаду



„Нью-Джэрсі” пацярпеў паразу ад „Арызоны” ў хатнім матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ 1:4.
Беларускі форвард Ягор Шаранговіч перапыніў уласныя серыі з чатырох запар сустрэч з закінутымі шайбамі і пяці запар паядынкаў з набранымі ачкамі. Нападнік правёў на лёдзе 18 хвілін 46 секунд, з іх 58 секунд у большасці і 37 секунд у меншасці, заблакаваў кідок, зрабіў 2 перахопы, дапусціў страту і завяршыў паядынак з паказчыкам карыснасці -2.

„Нью-Джэрсі” займае перадапошняе месца ў Сталічным дывізіёне, „Арызона” замыкае табліцу Цэнтральнага дывізіёна.

Пяць беларускіх біятланістаў выступяць у індывідуальнай гонцы на этапе Кубка свету ў Антхольцы

У італьянскім Антхольцы 20 студзеня стартуе сёмы этап Кубка свету па біятлоне. Праграму этапа адкрые мужчынская індывідуальная гонка, удзел у якой прымуць 107 спартоўцаў, сярод якіх пяць беларусаў. Першым з іх на 20-кіламетровую дыстанцыю ўцячэ Дзмітрый Лазоўскі (ён мае 5-ы стартавы нумар), таксама на старт выйдуць Антон Смольскі (56-ы), Максім Верабей (63-і), Мікіта Лабастаў (80-ы) і Раман Елетнаў ( 101-ы). Пачатак гонкі – у 16.15 па беларускім часе.

Павел Няхайчык завяршыў гульнявую кар’еру

Атакуючы паўабаронца Павел Няхайчык завяршыў гульнявую кар’еру.

„Гэта адзін з самых яркіх футбалістаў у гісторыі „жоўта-сініх”. У яго былі тры перыяды выступаў у БАТЭ, і кожны выдаўся па-свойму цудоўным. А за апошні двухгадовы этап Павел правёў 64 матчы, у якіх забіў 20 галоў і аддаў 20 выніковых перадач. У суме ў Няхайчыка 255 афіцыйных паядынкаў за БАТЭ, 155 з якіх пераможныя, 56 галоў і 46 „асістаў”. У складзе „жоўта-сініх” ён 6 разоў станавіўся чэмпіёнам краіны, па 3 разы ўладальнікам Кубка Беларусі і Суперкубка, тройчы ўключаўся ў спіс 22 лепшых футбалістаў вышэйшай лігі.
З імем Паўла непасрэдна звязаны першы паход БАТЭ па міжнароднае прызнанне ў Лізе чэмпіёнаў. Павел Няхайчык адзіны футбаліст у гісторыі „жоўта-сініх”, які адзначыўся галявым хет-трыкам у еўракубках: 14 ліпеня 2010 года ён забіў тры мяча ў сустрэчы з ісландскім „Хабнарф’ёрдзюрам”.

„БАТЭ дзякуе Паўлу Няхайчыку за значны ўклад у дасягненні нашага клуба і жадае яму ўсялякіх поспехаў!” — гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага сайта барысаўскага клуба.

Шаўчэнка хоча атрымліваць у зборнай Польшчы 3 мільёны еўра за год

Былы галоўны трэнер зборнай Украіны і „Джэноа” Андрэй Шаўчэнка не з’яўляецца галоўным кандыдатам на пасаду трэнера зборнай Польшчы, паведамляе Sport.pl. Украінскі спецыяліст хоча атрымліваць каля трох мільёнаў еўра за год. Толькі пры такой умове ўкраінец пачне перамовы з Польскай федэрацыяй футбола.
Таксама зазначаецца, што былы галоўны трэнер зборнай Польшчы Паўлу Соуза атрымліваў 850 тысяч еўра і гэта быў самы буйны кантракт у гісторыі нацыянальнай каманды.

Зборная Польшчы з’яўляецца супернікам зборнай Расеі па паўфінальнаму стыкаваму матчу за выхад на Чэмпіянат свету-2022. Матч Расея – Польшча адбудзецца 24 сакавіка.

„Рэал Сасьедад” выбіў „Атлетыка” з Кубка Іспаніі

„Рэал Сасьедад” дзякуючы галам Янузая і Серлота абыграў „Атлетыка” ў матчы 1/8 фіналу Кубка Іспаніі — 2:0. Супернік басконскага клуба па 1/4 фіналу стане вядомы пасля лёсавання.

„Тотэнхэм” перамог „Лестэр” у матчы 17-га тура чэмпіянату Англіі — 3:2. У іншай сустрэчы „Манчэстэр Юнайтэд” узяў верх над „Брэнтфардам” — 3:1 – за «чырвоных д’яблаў» галы забілі Эланга, Грынвуд і Рэшфард.

Зборныя Нігерыі і Егіпта выйшлі ў плэй-оф Кубка Афрыканскіх нацый

У Камеруне набліжаецца да канца групавая стадыя Кубка Афрыканскіх нацый па футболе. Чарговымі ўдзельнікамі 1/8 фіналу сталі каманды Нігерыі і Егіпта.

У трэцім туры нігерыйцы ўпэўнена разабраліся са зборнай Гвінеі-Бісаў – 2:0, скончыўшы групавы этап без страты ачкоў. Егіпцяне, якія саступілі „суперарлам” тыдзень таму, у іншым матчы серады мінімальна абыгралі каманду Судана 1:0, дзякуючы чаму выйшлі з квартэта D з другога месца, набраўшы 6 балаў.

У Нідэрландах стартаваў чэмпіянат Еўропы па міні-футболе

У Нідэрландах стартаваў чэмпіянат Еўропы па міні-футболе-2022. У стартавы дзень турніру адбыліся дзве гульні.
У матчы адкрыцця сустракаліся каманды Сербіі і Партугаліі. Да сёмай хвіліны балканцы вялі ў ліку 2:0, аднак яшчэ да перапынку лічбы на табло зраўняліся. У другой палове адрыў у два мячы стварылі ўжо партугальцы, сербы на гэта адказаць не змаглі. Вынік паядынку – 4:2 на карысць партугальцаў.
Таксама гаспадары турніру нідэрландцы абыгралі каманду Украіны 3:2.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]