Ягор Шаранговіч пераведзены ў асноўны склад „Нью-Джэрсі”
Беларускі нападнік Ягор Шаранговіч падчас трэніровачнага лагера пераведзены ў асноўны склад „Нью-Джэрсі”. Раней Шаранговіч пакінуў менскае „Дынама” і адправіўся ў размяшчэнне клуба НХЛ. У святле хуткага старту сезона „Нью-Джэрсі Девілз” скарыстаўся раней дасягнутай дамоўленасцю і адклікаў беларуса ў свой склад.
Артур Слабашэвіч пакінуў „Нёман”
Абаронца Артур Слабашэвіч пакінуў футбольны клуб „Нёман”. Тэрмін кантракту гульца з гарадзенскім клубам скончыўся, паведамляе прэс-служба „Нёмана”. Слабашэвіч перайшоў у каманду ў летняе транфернае акно сезона-2019. За паўтара сезона менчанін адыграў у 40 афіцыйных матчах „Нёмана”, у якіх двойчы асіставаў сваім партнёрам. У чэмпіянаце-2020 Слабашэвіч правёў за „Нёман” 24 матчы, аддаў дзве выніковыя перадачы і зарабіў чатыры жоўтыя карткі.
Былы галоўны трэнер БАТЭ ўзначаліў «Рух»
Кірыл Альшэўскі – новы галоўны трэнер берасцейскага «Руху». Пагадненне 38-гадовага спецыяліста з клубам разлічана на тры гады, паведамляе афіцыйны сайт каманды. Альшэўскі на пачатковым этапе трэнерскай кар’еры з 2004 па 2006 год працаваў трэнерам юнацкіх каманд сталічнага «РУОР». У 2006-м ён увайшоў у структуру барысаўскага БАТЭ, дзе таксама працаваў з юнацкімі камандамі, а пасля стаў асістэнтам Віктара Ганчарэнкі ў дублюючым складзе барысаўчан.
У 2009 годзе спецыяліст узначаліў дублюючы склад «Дынама-Мінск» і па ходу сезона стаў галоўным трэнерам менчан. Аднак на пасадзе самы малады галоўны трэнер у гісторыі чэмпіянатаў Беларусі правёў усяго тры тыдні. У перыяд з 2011 па 2019-ы Альшэўскі працаваў асістэнтам галоўнага трэнера, галоўным трэнерам і тэхнічным дырэктарам у юнацкіх і маладзёжных зборных Беларусі, а таксама спартовым дырэктарам БАТЭ. У 2019 годзе трэнер узначаліў дублюючы склад барысаўскага БАТЭ, з якім выйграў першынства дублёраў. Праз год Кірыл Альшэўскі быў прызначаны галоўным трэнерам 15-разовых чэмпіёнаў краіны. У траўні Кірыл Альшэўскі прывёў БАТЭ да перамогі ў Кубку Беларусі 2019/20, аднак у канцы верасня спецыяліст сышоў у адстаўку.
Галоўным трэнерам «Іслачы» стаў 35-гадовы спецыяліст
35-гадовы спецыяліст Арцём Радзькоў стаў галоўным трэнерам «Іслачы», паведамляецца на сайце клуба. Выхаванец магілёўскага футбола правёў прафесійную гульнявую кар’еру ў пяці клубах. У Беларусі выступаў за БАТЭ і жодзінскае «Тарпеда». У складзе барысаўскага клуба сем разоў станавіўся чэмпіёнам краіны, двойчы выйграваў Кубак, тройчы – Суперкубак. У 2007 годзе быў прызнаны лепшым абаронцам Вышэйшай лігі. За мяжой пагуляў у расейскіх «Хімках» і «Цераку», а таксама турэцкім «Генчлербірлігі». Яшчэ Радзькоў выклікаўся ў юнацкую, маладзёжную і нацыянальную зборныя Беларусі. У чэрвені 2016 года яму давялося завяршыць гульнявую кар’еру з-за сур’ёзнай траўмы. У 2017 годзе Радзькоў пачаў трэнерскую кар’еру з юнацкай каманды «Энергетыка-БДУ». Праз пару месяцаў увайшоў у трэнерскі штаб асноўнага складу «студэнтаў». З кастрычніка 2020 года і да канца сезона працаваў у структуры БАТЭ, а яшчэ больш за год уваходзіў у трэнерскі штаб моладзевай зборнай Беларусі. Раней Віталь Жукоўскі, які ўзначальваў «Іслач», стаў галоўным трэнерам БАТЭ.
Андрэй Шаўчэнка можа ўзначаліць „Чэлсі”
Галоўны трэнер зборнай Украіны Андрэй Шаўчэнка з’яўляецца кандыдатам на пасаду галоўнага трэнера „Чэлсі”. Як сцвярджае Le10Sport, пасля паразы ад „Манчэстэр Сіці”, уладальнік лонданскага клуба Раман Абрамовіч пачаў абдумваць варыянт са звальненнем Фрэнка Лампарда. На думку ўладальніка „сініх”, пад кіраўніцтвам Лампарда клуб перажывае крызіс. Адзін з варыянтаў замены цяперашняга трэнера – галоўны трэнер зборнай Украіны і былы форвард лонданцаў Андрэй Шаўчэнка. Неўзабаве кіраўніцтва клуба павінна выйсці на ўкраінскага спецыяліста і абгаварыць з ім дэталі кантракту.
Шаўчэнка выступаў за „Чэлсі” у перыяд з 2006 па 2009 год, правёўшы ў футболцы клуба 48 матчаў, у якіх забіў дзевяць галоў.
Адзін з заснавальнікаў „Прессбола” Дзмітрый Беленькі пакінуў рэдакцыю
Намеснік галоўнага рэдактара, адзін з заснавальнікаў „Прессбола” Дзмітрый Беленькі пакінуў рэдакцыю газеты. „Здаецца, і так усё зразумела”, – так пракаментаваў „Свабодзе” сваё рашэнне вядомы журналіст. Дзмітрый Беленькі – адзін з вядучых спартовых журналістаў Беларусі, аўтар шэрагу кніг, прысвечаных беларускаму спорту. Беленькі працаваў у газеце з моманту яе заснавання 16 студзеня 1991 году.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
