Які лёс чакае футбольнае менскае “Дынама”?



Чэмпіён СССР 1982 года ў складзе менскага “Дынама” Валерый Мельнікаў прагназуе, як адаб’ецца на гульні каманды змена ў клубе ўласніка.

Нагадаем, што 22 траўня ў Эканамічным судзе Менска праходзілі слуханні па позве галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Менгарвыканкама да сталічнага «Дынама». Суд задаволіў пазоў аб адмене рашэння ЗАТ «Дынама» Менск аб выпуску 108 простых акцый, прынятае ў снежні 1999 года, калі «Трайпл», асноўным уладальнікам якога з’яўляецца Юрый Чыж, увайшоў у склад заснавальнікаў і атрымаў 40 акцый «Дынама». Такім чынам, клуб у бізнесмена забралі бясплатна.

Днямі старшыня Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў заявіў, што пакуль “Дынама” бярэ пад сваё крыло Менгарвыканкам.

Валерый Мельнікаў: Сітуацыя для каманды, безумоўна, не вельмі добрая. Найперш у тым плане, што ўсе гэтыя ваколфутбольныя гульні можна было правесці да таго, як стартавала першынство. Змяняць уласніка клуба, калі чэмпіянат набірае хаду, гэта не самы разумны крок тых, хто ўсё гэта ініцыяваў.

РР: Ужо каля года хадзілі чуткі, што Юрый Чыж збіраецца прадаваць клуб.

Валерый Мельнікаў: Я разумею, што хтосьці хацеў на гэтым зарабіць, некаму не хацелася ўвогуле плаціць грошы, але, паўтаруся, спрэчную сітуацыю патрэбна было вырашаць раней.

А што зараз атрымліваецца? Каманда рыхтавалася да сезона з адным трэнерам, а зараз, напэўна, будзе новы. Сярод ігракоў псіхалагічная абстаноўка, мяркую, таксама не самая лепшая, бо, калі наперадзе невядомасць, то і аддача суадносная. Ці захаваецца фінансаванне? Якія будуць кадравыя змены?

Адным словам, мне шчыра шкада славутае “Дынама”, якое, як мне падаецца, стала ахвярай гульняў пад дываном. У гэтым сезоне добра, калі каманда наогул патрапіць у тройку прызёраў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]