Які лёс чакае прыватную каманду “Крумкачы”?



Палітык і спартовы заўзятар Павел Знавец распавядае, чаму ў беларускіх рэаліях прыватнаму футбольнаму клубу надзвычай цяжка выжываць.

Нагадаем, што ў 2015 годзе менскі аматарскі клуб сенсацыйна патрапіў у вышэйшую лігу. Усяго паўтары гады спатрэбілася прыватнай камандзе, каб прайсці шлях ад другой лігі да элітнага дывізіёна.

Але зараз “Крумкачы” апынуліся ў надзвычай складаным становішчы. З’явіліся праблемы з выплатамі заробкаў футбалістаў, некаторыя гульцы нават адмаўляюцца ўдзельнічаць у матчах. Ці здолее прыватны клуб выжыць у такіх умовах?

РР: Яшчэ ў 2015 годзе вы падчас “Прамой лініі” задавалі пытанне аднаму з сузнаснавальнікаў клуба Дзянісу

Шунто: “Калі ў вышэйшай лізе ў “Крумкачоў” нічога не атрымаецца, ці не апусцяцца ў вас рукі і ці не з’явіцца расчараванне? Што будзеце рабіць у такім выпадку?..”

Павел Знавец: Сёння “Крумкачы” і насамрэч апынуліся ў даволі складаным становішчы, і гэта, мяркую, у тым ліку, следства і агульнага крызісу ў краіне. У такой сітуацыі зарабляць грошы на футбольнай камандзе можна толькі ў тым выпадку, калі клуб патрапіць хаця б у еўракубкі, дзе ёсць нейкія фінансавыя бонусы. І то пры ўмове, што каманда там не будзе простым статыстам. А ў чэмпіянаце Беларусі футбольныя бізнес-праекты не акупляюцца. Энтузіязм і адданасць футболу Дзяніса Шунто, безумоўна, заслугоўваюць павагі, але ж адным гэтым сыты не будзеш. Калі для таго ж Шунто грошы, можа быць, і не галоўнае ў гэтым жыцці, то футбалісты лічаць інакш. Ніхто за падзяку гуляць ужо не будзе. У мяне, дарэчы, і раней было прадчуванне, што наўрад ці ў нашай краіне прыватны футбольны праект будзе мець поспех.

РР: Але той жа Шунто паказаў, што і без дзяржаўнай падтрымкі можна нечага пры жаданні дасягнуць.

Павел Знавец: У гэтым плане гаспадары “Крумкачоў” вялікія малайцы, і тут прысутнічае нават элемент фанатызму, бо не кожны чалавек пайшоў бы на тое, каб укласці ўласныя 200-300 тысяч даляраў у футбольны клуб. Нават не самыя бедныя бізнесмены не хочуць марнаваць грошы на гэта, а тут прыватныя асобы выдаткоўваюць фінансы, на якія маглі б купіць сабе кватэры ці машыны. Таму, такую адданасць футболу можна толькі вітаць, але калі мы кажам пра пэўны фінансавы эфект ад такога фанатызма, то яго, відаць, няма і наўрад ці ён у бліжэйшы час з’явіцца. Не тая краіна, дзе на футболе можна зарабляць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя