Яўген Каралёк выйграў золата ЧС па веласпорце на трэку



Беларус Яўген Каралёк выйграў золата чэмпіянату свету па веласпорце на трэку ў дысцыпліне скрэтч. Беларус паказаў час 16 хвілін 59 секунд.

Скрэтч – індывідуальная велатрэкавая гонка з масавага старту на дыстанцыю не больш за 15 км у мужчын і 10 км у жанчын. Пераможцам аб’яўляецца той, хто прыйшоў да фінішу першым.

„Юнацтва” і „Нёман” перамаглі ў стартавых матчах плэй-оф Кубка Прэзідэнта

Хакеісты менскага „Юнацтва” і гарадзенскага „Нёмана” святкавалі перамогі ў стартавых матчах чвэрцьфінальнай стадыі плэй-оф Кубка Прэзідэнта-2020. Сталічная каманда на сваім лёдзе адолела аршанскі „Лакаматыў” – 2:1, а дружына з Гародні дзякуючы шайбам Аляксандра Маляўкі, Сяргея Рамановіча і Мікіты Рэмезава ўзяла верх над „Магілёвам” — 3:0. У астатніх матчах чвэрцьфінальнай стадыі плэй-оф „Дынама-Маладзечна” перамагло „Гомель” – 3:2, а „Шахцёр” адолеў жлобінскі „Металург” – 4: 0.

Менскае „Дынама” абыграла маскоўскіх аднаклубнікаў у апошнім матчы сезона КХЛ

Менскае „Дынама” выйграла ў заключным матчы чэмпіянату КХЛ у маскоўскіх аднаклубнікаў. Сустрэча на „Менск-Арэне” завяршылася з лікам 4:3 на карысць падначаленых Крэйга Вудкрафта. «Зубры» па ходу матчу прайгравалі 0:2, але дзякуючы хет-трыку Андрэя Касціцына і пераможнай шайбе Аляксандра Паўловіча ў выніку святкавалі перамогу, якая, праўда, не дазволіла менскім дынамаўцам сысці з апошняга месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату КХЛ, дзе яны завяршылі сезон з 39 баламі пасля 62 матчаў „рэгулярнага” сезона. Тым часам сталі вядомыя ўсе пары першага раўнда плей-оф Кубка Гагарына. У Заходняй канферэнцыі пазмагаюцца ЦСКА, ніжагародскае „Тарпеда”, СКА, „Віцязь”, „Ёкерыт”, „Лакаматыў”, маскоўскія „Дынама” і „Спартак”.

Ва ўсходняй канферэнцыі „Ак Барс”, „Нафтахімік”, „Барыс”, „Металург”, „Авангард”, „Салават Юлаеў”, „Аўтамабіліст” і „Сібір”.

Сабаленка ў трох сэтах перайграла кітаянку Чжэн Сайсай

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прабілася ў паўфінал турніру катэгорыі „Прэм’ер” у катарскай Досе з прызавым фондам 2 мільёны 900 тысяч даляраў. У чвэрцьфінале Арына перайграла ў цяжкім трохсэтавым паядынку кітаянку Чжэн Сайсай – 3:6, 7:6, 6:3. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 22 хвіліны У парным разрадзе Арына Сабаленка і бельгійка Эліз Мёртенс у матчы за выхад у паўфінал саступілі канадска-латышскаму дуэту Габрыэла Даброўскі / Алена Астапенка – 6:4, 1:6, 4:10.

Данецкі „Шахцёр” прабіўся ў 1/8 фіналу футбольнай Лігі Еўропы

Футбалісты данецкага „Шахцёра” адолелі па суме дзвюх сустрэч лісабонскую „Бенфіку” у 1/16 фіналу Лігі Еўропы. Пасля перамогі ў Харкаве з лікам 2:1 чэмпіёны Украіны ў партугальскай сталіцы дамагліся нічыі – 3:3 і прабіліся ў 1/8 фіналу.

Акрамя „Шахцёра” у 1/8 фіналу выйшлі шатландскі „Глазга Рэйнджэрс”, нямецкія „Баер”, „Вольфсбург”, англійскі „Манчэстар Юнайтэд”, італьянскія „Інтэр” і „Рома”, дацкі „Капенгаген” , турэцкі „Башакшэхір”, іспанскія „Хетафе” і „Севілья”, аўстрыйскі ЛАСК, швейцарскі „Базэль”, англійскі „Вулверхэмптон” і грэцкі „Алімпіякас”.

Сустрэча паміж аўстрыйскім „Зальцбургам” і нямецкім „Айнтрахтам” адбудзецца сёння ўвечары. У першым матчы нямецкі клуб перамог аўстрыйскую каманду ў сябе дома з вынікам 4: 1.

Удзел у міжнародным турніры ў Польшчы прымуць 11 беларускіх дзюдаістаў

Ўдзел у міжнародным турніры па дзюдо European Judo Open, які пройдзе з 29 лютага па 1 сакавіка ў Варшаве, прымуць 11 беларускіх спартоўцаў.

Сярод беларускіх хлопцаў за ўзнагароды спаборніцтваў пазмагаюцца Дзмітрый Мужайла, Віктар Кляусаў, Іван Дубіна, Аляксандр Сідорык і Ягор Кухарэнка. У дзяўчат на татамі выйдуць Ксенія Даніловіч, Алеся Млечко, Ульяна Мінянкова, Жанна Асіповіч, Вікторыя Новікава і Дар’я Канцавая. Удзел у турніры возьмуць каля 400 спартоўцаў з 44 краін.

Беларускае Радыё Рацыя