„Юнацтва” абыграла „Нёман” у матчы чэмпіянату Беларусі па хакеі



Хакеісты „Юнацтва” на чужым лёдзе абыгралі „Нёман” у чарговым матчы беларускай экстралігі. На дваіх каманды настралялі 11 шайбаў. У стартавай трэці госці двойчы выходзілі ў ліку наперад, але абодва разы гарадзенцы адыгрываліся. Лічбы 2:2 на табло пратрымаліся амаль да канца другога перыяду: незадоўга да перапынку „Юнацтва” зноў забяспечыла сабе адрыў, на гэты раз у два галы. У фінальнай 20-хвілінцы гледачы ўбачылі адразу пяць шайб, тры з іх закінулі гульцы сталічнай каманды. Вынік – 7:4 на карысць мінчан. Па дублю ў складзе пераможцаў аформілі Аляксандр Паўловіч і Дзмітрый Арсенюк. У паралельным матчы „Віцебск” і „Металург” дагулялі да серыі булітаў. Асноўны час скончыўся з лікам 3:3, але пасляматчавыя кідкі лепш удаліся жлабінчанам. У яшчэ адным паядынку пятніцы сышліся „Шахцёр” і „Гомель”, „рысі” былі мацнейшыя – 2:1.

На зборы нацыянальнай каманды па хакеі выкліканы 28 гульцоў

У вучэбна-трэніровачны лагер нацыянальнай зборнай Беларусі, які стартуе 7 лютага, выкліканы 28 хакеістаў, паведамілі у прэс-службе Федэрацыі хакея Беларусі. Пераважная большасць каманды склалі гульцы 1999 года нараджэння і маладзейшыя, якія добра паказалі сябе ва ўнутраным чэмпіянаце і за мяжой. Выключэнні склалі толькі 25-гадовы брамнік маскоўскага „Дынама” Іван Кульбакоў і 27-гадовы абаронца „Віцязя” Яўген Лісавец. Усяго ў складзе тры галкіперы, 11 абаронцаў і 14 нападнікаў. Найбліжэйшую міжнародную паўзу нацыянальная зборная правядзе на радзіме, дзе згуляе два матчы з магнітагорскім „Металургам”. Гульні пройдуць 9 і 13 лютага на сталічнай „Алімпік-Арэне” і пачнуцца ў 11:00, уваход на трыбуны вольны.

Першыя ўзнагароды разыграюць 5 лютага ўдзельнікі зімовай Алімпіяды 

Сёння стануць вядомы першыя чэмпіёны і прызёры XXIV зімовых Алімпійскіх гульняў. Будзе разыграна шэсць камплектаў узнагарод. Галоўныя медальныя надзеі беларускіх заўзятараў сёння звязаны з біятлонам. Апоўдні па мінскім часе на трасе Нацыянальнага біятлоннага цэнтра ў Чжанцзякоў будзе дадзены старт змешанай эстафеце. На першую алімпійскую гонку трэнеры беларусаў заявілі цяперашніх лідэраў жаночай і мужчынскай каманд Дзінару Алімбекаву, Ганну Солу, Мікіту Лабастава і Антона Смольскага. У беларускай каманды 2-і стартавы нумар. Усяго ў стартавым пратаколе змешанай эстафеты 20 каманд. Таксама сёння ў Пекіне на лёдзе Нацыянальнага канькабежнага авала будуць разыграны першыя ўзнагароды ў спаборніцтвах па канькабежным спорце. На дыстанцыі 3000 м у жанчын Беларусь прадставіць Марына Зуева. Без удзелу беларускіх спартоўцаў вызначацца чэмпіёны і прызёры ў лыжных гонках, фрыстайле, шорт-трэку і скачках на лыжах з трампліна.

Дзяржынскі „Арсенал” пакуль не атрымаў ліцэнзію на ўдзел у чэмпіянаце Беларусі па футболе

Камітэт па клубным ліцэнзаванні асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола” разгледзеў заяўкі клубаў вышэйшай лігі для ўдзелу ў чэмпіянаце Беларусі 2022 года. Па выніках разгляду прынята рашэнне аб выдачы ліцэнзій 15 камандам. Дзяржынскаму „Арсеналу”, які ўпершыню прабіўся ў элітны дывізіён беларускага футбола, было адмоўлена ў атрыманні ліцэнзіі ў сувязі з невыкананнем асобных спартовых і кадравых крытэрыяў. Клуб мае права абскардзіць рашэнне камітэта на працягу трох працоўных дзён, звярнуўшыся ў апеляцыйны камітэт па клубным ліцэнзаванні АБФФ.

Зборная Расеі сёмы раз прабілася ў фінал чэмпіянату Еўропы па міні-футболе

Зборная Расеі сёмы раз прабілася ў фінал чэмпіянату Еўропы па міні-футболе. У Амстэрдаме ў першым паўфінальным паядынку расейцы адолелі каманду Украіны з мінімальнай перавагай у ліку – 3:2. На апошняй хвіліне ўкраінцы зарабілі пенальці, але галкіпер Дзмітрый Пуцілаў адбіў удар Пятра Шотурмы. На мінулых ЧЕ расейцы шэсць разоў гулялі ў фінале, толькі аднойчы ўзяўшы золата.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]