“Юнацтва” шосты раз выйграла Кубак Салея



Хакеісты „Юнацтва” перамаглі ў фінале Кубка Салея сапернікаў з „Дынама-Маладэчна” з лікам 3:2 і шосты раз выйгралі ганаровы трафей. Вырашальны матч Кубка Беларусі ў Оршы атрымаўся насычаным на падзеі. У першым перыядзе абедзве каманды закінулі на дваіх чатыры шайбы. Спачатку „Юнацтва” пасля дакладных кідкоў Сяргея Дразда і Яўгена Нагачова павяло – 2:0, а на 8 і 10 хвілінах нападнікі маладэчанцаў Вячаслаў Лісічкін і Дзмітрый Амбражэйчык аднавілі раўнавагу ў ліку. Падначаленыя Міхаіла Захарава працягвалі дзейнічаць больш эфектыўна і ў другім перыядзе мэты дасягнуў дакладны кідок Максіма Мальцава – 3:2. Бронзавым прызёрам турніру стаў гарадзенскі „Нёман”, які ў матчы за трэцяе месца ў авертайме абыграў прадстаўніка КХЛ менскае „Дынама” – 3:2.

Беларускія валейбалісты перамаглі Украіну ў Запарожжы

Валейбалісты зборнай Беларусі абыгралі Украіну з лікам 3:0 на турніры ў Запарожжы падчас падрыхтоўкі да чэмпіянату Еўропы. Гульня ў спарткомплексе „Юнацтва” лепш ўдалася падначаленым Віктара Бекшы. Госці намаганнямі дыяганальнага Артура Удрыса, які замяніў траўмаванага Радзівона Міскевіча, нядрэнна глядзеліся ў атацы. Раней у першым туры спаборніцтваў мужчынская зборная Беларусі сустрэлася з другой камандай Украіны, за якую выступілі шматлікія вядучыя гульцы сапернікаў: Алег Платніцкі і Аляксандр Гладзенка. У выніку ўкраінцы былі мацнейшыя – 3:1. Жаночая зборная Беларусі заняла другое месца ў Запарожжы. Каманда Пятра Хілько абыграла каманду Эстоніі 3:1 і ўкраінскую „Арбіту” 3:0. У матчы за першае месца беларускі саступілі Украіне – 0:3. Пасля завяршэння турніру ў Запарожжы нацыянальныя зборныя Беларусі па валейболе вернуцца ў Менск, дзе сёння правядзе прэс-канферэнцыю перад самым важным стартам сезона.

Сталічнае “Дынама” нечакана прайграла «Гарадзеі»

Менскае „Дынама” пацярпела паразу ад „Гарадзеі” ў выязным матчы 18-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе. Дзякуючы галам Пушнякова і Гайдукова гаспадары сыходзілі на перапынак пры ліку 2:0. У пачатку першага тайма Жарскіс давёў лік да разгромнага, а Ятчанка на 70-й хвіліне забіў гол прэстыжу за «дынамаўцаў». Лік сустрэчы 3:1 на карысць «Гарадзеі». Менчане адстаюць ад „Шахцёра”, які ідзе на трэцім месцы, на тры балы, пры гэта ў гарнякоў ёсць дзве гульні ў запасе.

 

БГК мацней за «Чэхаўскіх мядзведзяў»

БГК ім. А.П.Мешкова перамог на «Кубку губернатара Маскоўскай вобласці» у Чэхаве. У вырашальным паядынку БГК сустрэўся з дзеючымі чэмпіёнамі Расеі «Чэхаўскімі мядзведзямі». Абодва суперніка атрымалі упэўненыя перамогі ў двух папярэдніх сустрэчах і выходзілі на пляцоўку з разуменнем таго, што гэты матч будзе для іх самым складаным на турніры. Увесь першы тайм каманды правялі на высокіх хуткасцях і ў роўнай барацьбе. Да перапынку лічбы на табло паказвалі – 15:15. Дзякуючы лепшай розніцы паміж забітымі і прапушчанымі мячамі, БГК у гэты дзень было досыць і нічыйнага выніку, у той час як гаспадароў пляцоўкі задавальняла толькі перамога. Тым ня меньш фінальныя лічбы на табло зафіксавалі мінімальную перавагу БГК 32:31. Вырашальны мяч у брамку «Чэхаўскіх мядзведзяў» на апошняй хвіліне сустрэчы закінуў Марка Паніч.

Карвацкі перайшоў у «Алімпіякас»

Беларускі правы паўсярэдні Артур Карвацкі перайшоў у „Алімпіякас”, паведамляе афіцыйны сайт грэцкага клуба. Раней 23-гадовы гандбаліст выступаў за „Заграб”, з якім скасаваў кантракт у чэрвені па ўзаемнай згодзе бакоў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя