Юрый Курбыка: Віктар Чанаў быў суперваратар!



Былы галкіпер футбольнага менскага “Дынама” Юрый Курбыка распавядае пра свайго калегу з кіеўскага “Дынама” Віктарава Чанава.

8 лютага ў 57-гадовым узросце памёр вядомы футбольны галкіпер кіеўскага “Дынама” і зборнай СССР Віктар Чанаў. Трохразовы чэмпіён Саюза, пяціразовы ўладальнік Кубка СССР, уладальнік Кубка кубкаў у складзе кіеўскага “Дынама”, віцэ-чэмпіён Еўропы 1988 года. За зборную Саюза правёў 21 матч, за кіеўскае “Дынама” – 202.

Юрый Курбыка: У нас з Віктарам былі толькі прафесійныя стасункі, перасякаліся, калі сустракаліся на футбольным полі. Але варатар ён быў проста супер! На той момант, калі гуляў, уваходзіў у спіс лепшых варатароў Савецкага Саюза. Ды і ў зборную не запрашалі б проста так.

РР: Нешта яго адрознівала ад іншых варатароў?

Юрый Курбыка: Перш-наперш ён быў заўсёды ўпэўнены ў сабе, хаця ў некаторых момантаў ішоў на рызыку. Харызма прысутнічала. Мне падаецца, што ў свой час гэта быў у Саюзе другі галкіпер пасля Рыната Дасаева. Адным словам, Віктар Чанаў назаўсёды застанецца зоркай украінскага і савецкага футбола. Пра гэтага чалавека можна казаць толькі самыя добрыя словы і толькі выказваць спачуванне, што людзі пакідаюць гэты свет яшчэ ў такім маладым узросце. Светлая яму памяць!

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя