Юрый Шчарбацэвіч заняў 2-е месца на этапе Кубка свету



Беларус Юрый Шчарбацэвіч заняў другое месца на этапе Кубка свету па кулявой стральбе ў азербайджанскім горадзе Габала.

У фінальную васьмёрку ў стральбе з малакалібернай вінтоўкі на 50 м беларус трапіў з цяжкасцю, але ў вырашальнай стадыі паказаў значна лепшыя вынікі. Пасля першай спробы ён выйшаў у лідары, але ў заключнай стральбе яго апярэдзіў датчанін Тарбен Грымель, двойчы выбіўшы 10,7 бала. У выніку супернік беларуса набраў 249,8 бала, а Юрый Шчарбацэвіч, які заняў другое месца, – 248,9 ачка.

Бронзавую ўзнагароду заваяваў Ліянэль Кокс з Бельгіі – 227,9. Для Юрыя Шчарбацэвіча гэта другі п’едэстал гонару ў гэтай дысцыпліне. Апошні раз ён уздымаўся на п’едэстал гонару этапу Кубка свету ў 2004 годзе ў Бангкоку.

Этап Кубка свету па кулявой стральбе ў горадзе Габала прадоўжыцца да 14 чэрвеня.

belta.by