З карабля на баль – Пёнтэк прынес перамогу палякам



На футбольных арэнах Старога Свету аднавіліся матчы адборавага турніру чэмпіянату Еўропы 2020 года. Адзначым некаторыя вынікі. Зборная Польшчы нанесла паразу камандзе Паўночнай Македоніі – 1:0. Перамогу палякам на 47-й хвіліне прынёс нападнік «Мілана» Кшыштаф Пёнтэк, які прыехаў у лагер нацыянальнай каманды з уласнага вяселля. Палякі лідзіруюць у сваёй адборавай групе, набраўшы 9 ачкоў пасля трох гульняў. Футбалісты зборнай Украіны разграмілі каманду Сербіі 5:0 – голавы дубль у першым тайме аформіў Віктар Цыганкоў. Адразу пасля перапынку падначаленыя Андрэя Шаўчэнкі зноў пайшлі наперад і Яўген Канаплянка таксама забіў два мячы. У іншым матчы групы футбалісты Літвы прымалі на сваім полі гасцей з Люксембурга і згулялі ўнічыю-1:1. Украінцы лідзіруюць у сваёй групе.  Зборная Іспаніі ў гасцях разграміла каманду Фарэрскіх выспаў 4:1. Зборная Даніі згуляла ўнічыю з камандай Ірляндыі – 1:1. Зборная Чэхіі перамагла каманду Балгарыі 2:1. Дубль аформіў Патрык Шык. Чарнагорцы разышліся мірам з камандай Косава-1:1. Футбалісты Грузіі, якія з’яўляюцца супернікамі беларусаў у паўфінале Лігі Нацый УЕФА, прымалі ў Тбілісі каманду Гібралтара і выйгралі з буйным лікам 3:0. Зборная Беларусі свой матч 3-га тура ў групе С правядзе сёння на полі „Барысаў-Арэны” супраць каманды Нямеччыны. На старце адборавага турніру беларусы пацярпелі дзве гасцявыя паразы – ад  Нідэрляндаў 0:4 і Паўночнай Ірландыі – 1:2

Моладзевы чэмпіянат свету ў Польшчы: Італьянцы згуляюць супраць украінцаў

Італьянцы перамаглі футбалістаў Малі з лікам 4:2 і выйшлі ў паўфінал моладзевага чэмпіянату свету, які праходзіць у Польшчы. Італьянская каманда выйшла наперад у пачатку гульні, а да перапынку афрыканцы параўнялі лік. У другім тайме малійцы яшчэ раз здолелі аднавіць раўнавагу – 2:2, але потым футбалісты „Скуадры Адзурры” яшчэ двойчы дамагліся поспеху і давялі гульню да перамогі. Супернікамі Італіі ў паўфінале будуць украінцы, якія ў першым чвэрцьфінале адолелі супернікаў з Калумбіі з мінімальнай перавагай – 1:0. Пераможны гол на 11-й хвіліне сустрэчы забіў Даніла Сікан. Яшчэ два чвэрцьфіналы пройдуць сёння: ЗША – Эквадор, Сенегал – Рэспубліка Карэя.

Таленавіты форвард падпісаў кантракт з «Дынама-Брэст»

Беларускі нападнік Максім Натынчык падпісаў кантракт з берасцейскім „Дынама”.  Пра гэта паведаміў агент 17-гадовага футбаліста Аляксандр Панкоў.  „Дынама” (Берасце) падпісала кантракт з адным з самых таленавітых юных нападнікаў Беларусі. Максім Натынчык у 17 гадоў падпісаў першы прафесійны кантракт.  Было шмат прапаноў з Беларусі, Грэцыі, Польшчы і Чэхіі. Лепшыя выбіраюць Брэст”, — адзначыў Панкоў у інстаграме. Натынчык выступаў за вучылішча алімпійскага рэзерву і зборную Беларусі да 17 гадоў.

Навойчык выйграў бронзу ў конкурсе слэм-данкаў

Беларускі спартовец Аляксей Навойчык стаў трэцім на чэмпіянаце свету  па баскетболе 3х3 ва ўзроставай катэгорыі да 18 гадоў у фінале індывідуальнага конкурсу кідкоў зверху ў мангольскім Улан-Батары. Беларусы ўпершыню ў гісторыі прымалі ўдзел у чэмпіянаце свету па баскетболе 3х3 сярод каманд да 18 гадоў. Яны занялі апошняе месца ў папярэдняй групе С, прайграўшы аднагодкам з Грузіі, Манголіі, Латвіі  і ЗША.    

Касціцын застаецца ў „Дынама-Мінск” на наступны сезон

Андрэй Касціцын падпісаў новы кантракт з хакейным клубам „Дынама-Мінск” тэрмінам на адзін сезон. Мінулы сезон стаў для выхаванца наваполацкага хакея дэбютным у складзе „зуброў”. У 50 матчах Андрэй Касціцын запісаў на свой рахунак 28 ачкоў і зарабіў 28 хвілінаў штрафу пры паказчыку карыснасці „+ 1”. Усяго ў рэгулярных чэмпіянатах КХЛ на рахунку беларуса 203 балы ў 325 матчах.

Надаль прайшоў Федэрэра на «Ралан Гарос»

Гішпанскі тэнісіст Рафаэль Надаль стаў першым фіналістам адкрытага чэмпіянату Францыі. У першым паўфінале мужчынскага адзіночнага разраду іспанец, які займае другое месца ў рэйтынгу АТР, упэўнена перайграў трэцюю ракетку свету швейцарца Роджэра Федэрэра – 6:3, 6:4, 6:2. У мінулыя гады Рафаэль Надаль 11 разоў выходзіў у фінал „Ралан Гарос” і заўсёды перамагаў у вырашальных паядынках, у тым ліку і два папярэднія гады запар.

«Дыназаўры» вядуць у серыі з «ваярамі»

„Таронта” ў чацвёртым матчы фінальнай серыі плэй-оф НБА трэці раз абыграў ” Голдэн Стэйт”. „Ваяры” на сваім паркеце прайгралі „дыназаўрам” ў чацвёртым матчы фіналу НБА – 92:105. „Рэптарз” павялі  у серыі – 3-1.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя