Замест турцэнтра каля полацкай Сафіі – кадэцкая вучэльня



З так званага “бальнічнага гарадка” каля Сафійскага сабору ў 2012-м годзе былі тэрмінова выселены медычныя ўстановы. Меркавалася, што ў адрэстаўраваных памяшканнях размесціцца турыстычна-культурніцкі цэнтр.

Праўда, за 6 гадоў мясцовыя ўлады так і не знайшлі сродкаў на ўвасабленне гэтай ідэі. Але як толькі прагучала прапанова размясціць тут кадэцкую вучэльню, яе адразу ж уключылі ў інвестыцыйную праграму. І за 2 апошнія гады на будаўніцтва выдаткавана 2 мільёны рублёў. Праца на тэрыторыі былога Верхняга замку йдзе поўных ходам – тут ва ўсю руйнуюць бальнічныя карпусы , кажа краязнаўца Міхась Баўтовіч:

– Працы ў гістарычнай зоне павінны папярэднічаць археалагічныя пошукі. Але яны не праводзіліся. Дырэктар “Полацксельбуду” казаў пра тое, што 23 тысячы кубаметраў глебы трэба замяніць. Яны выкінуць іх у адвалы, і потым ніхто не разбярэцца, што ж каштоўнага ў гэтых адвалах ёсць!

Кадэцкую вучэльню хочуць размясціць за якія 15-20 метраў ад вядомай славутасці – Сафійскага сабору. Тэрыторыя былога Верхняга замку застанецца недасягальнай для турыстаў: за высокім плотам на плошчы 2 гектары абсталююць цэнтр вайсковай падрыхтоўкі, страявы пляц і стадыён. Частку будынкаў знясуць, у астатніх размесцяцца казарма, харчовы блок, навучальны корпус і музей гісторыі кадэцкага руху. Курыруе будаўніцтва асабіста міністр адукацыі Ігар Карпенка , ён жа – адзін з лідараў Камуністычнай партыі Беларусі, падкрэслівае краязнаўца:

– Мне падаецца непрыгожым аднаўляць, як міністр адукацыі кажа, “кадэцкі корпус”. Бо кадэцкія карпусы чаму ствараліся? У часы пашырэння расейскай імперыі была вялікая патрэба ў вайсковых кадрах. І гэта вайсковыя катэгорыі – полк, дывізія, корпус… Але для камуніста Карпенкі гэта, напэўна, бліжэй, і па душы яму.

У 1835 годзе ў Полацку насамрэч быў заснавана кадэцкі корпус: кадэты размясцілася ў былых памяшканнях езуіцкага калегіуму і езуіцкай акадэміі, вядомых цэнтраў еўрапейскай адукацыі. Найбагацейшыя музей і бібліятэка былі разрабаваныя, і 400 выхаванцаў-кадэтаў пад кіраўніцтвам расейскіх афіцэраў пачалі вывучаць вайсковыя дысцыпліны… Існуе кадэцкая вучэльня і зараз – у былой полацкай сярэдняй школе №4, дзе вучацца каля 230 –ці кадэтаў. Колькасць навучэнцаў хочаць павялічыць, абсталяваўшы для падлеткаў з усяго рэгіёну інтэрнат-казарму паблізу ад Сафійскага сабору.

[Not a valid template]

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя