Затрыманыя ў Менску трыятланісты адпраўленыя ў ІЧУ



Затрыманыя днём 26 чэрвеня падчас спаборніцтваў па трыятлоне ў Менску тры ўдзельнікі (Арцём Казімірчык, Аляксандр Клімянкоў і Юрый Сямашка) дастаўлены з Цэнтральнага РУУС у ІЧУ да суда, вынікае з інфармацыі валанцёрскага тэлеграм-канала „Спісы затрыманых”.

Раней ГУУС Мінгарвыканкама паведаміла, што „тры мужчыны дэманстратыўна выкрыквалі лозунгі пратэстнага зместу, што з’явілася падставай для дастаўлення іх у тэрытарыяльны орган міліцыі”.

З’яўляліся меркаванні, што Аляксандр Клімянкоў — сваяк спартыўнага аглядальніка tut.by Кірыла Клімянкова, аднак насамрэч гэта цёзкі.

Кіраўнік фонду спартыўнай салідарнасці (BSSF) Аляксандра Герасіменя заявіла, што аб здарэнні будуць праінфармаваныя адпаведныя міжнародныя федэрацыі. „BSSF неаднаразова папярэджваў беларускую і міжнародную спартыўную грамадскасць аб небяспецы правядзення ў нашай краіне якіх-небудзь спартыўных мерапрыемстваў. „Мінскі трыятлон — 2021” стаў таму пацвярджэннем: падчас велазаезду былі арыштаваныя тры ўдзельнікі спаборніцтваў, сярод якіх таксама быў і прадстаўнік арганізатараў (Клімянкоў. — БелаПАН.). Гэта прамы доказ таго, што ў краіне, у якой „не да законаў”, ні аднаму ўдзельніку, спартсмену, дэлегату або арганізатару спаборніцтваў не можа быць гарантаваная бяспека і недатыкальнасць. Бязмежжа сілавікоў не прызнае ніякіх аўтарытэтаў: зляцець з ровара ад удару дубінкай па галаве можа як радавы кандыдат у майстры спорту, так і пераможца Алімпійскіх гульняў. Ну альбо брат пераможцы Алімпійскіх гульняў”, — заявіла ў сацсетках Герасіменя, намякаючы на інцыдэнт з братам біятланісткі Дар’і Домрачавай Мікітам, які 11 кастрычніка мінулага года, у дзень правядзення масавай акцыі пратэсту, ехаў на ровары да маці, быў жорстка затрыманы і пасля аштрафаваны на 20 базавых велічынь (540 рублёў).

„Менавіта аб магчымасці такіх інцыдэнтаў мы перасцерагалі прадстаўнікоў міжнародных федэрацый і МАК падчас кампаній па пераносе чэмпіянату свету па хакеі і іншых турніраў. На жаль, аказалася, што цалкам маем рацыю і будзем далей адстойваць гэтую пазіцыю перад міжнароднай супольнасцю”, — падкрэсліла Герасіменя. Паводле яе слоў, арганізатары нават мясцовых спаборніцтваў, з лепшых памкненняў пераследуючы мэты развіцця масавага спорту, не ў стане супрацьстаяць гвалту і беззаконню.

Трыятлон — від спорту, які ўяўляе сабой мультыспартыўную гонку, што складаецца з бесперапыннага паслядоўнага праходжання яе ўдзельнікамі трох этапаў: плаванне, велагонка і бег.

belapan.by