Зборная Беларусі па баскетболе даведалася супернікаў па кваліфікацыі ЧС-2023



Адбылося лёсаванне кваліфікацыйнага раўнда мужчынскага чэмпіянату свету, фінальная частка якога пройдзе ў 2023 годзе ў трох краінах – Філіпінах, Японіі і Інданезіі. Зборная Беларусі трапіла ў групу „В” і яе канкурэнтамі будуць зборныя Вялікабрытаніі, Грэцыі і Турцыі. Сапернікі згуляюць адзін з адным двойчы, у наступны этап кваліфікацыі пройдуць каманды, якія занялі месцы з першага па трэцяе.

Брыгада Аляксея Кульбакова абслужыць матч Ісландыя – Румынія

Беларуская брыгада арбітраў у складзе галоўнага суддзі Аляксея Кульбакова, яго асістэнтаў Дзмітрыя Жука і Алега Маслянка, а таксама чацвёртага рэферы Віктара Шымусіка абслужыць адборавы матч чэмпіянату свету Ісландыя – Румынія, які пройдзе 2 верасня ў Рэйк’явіку. Пасля трох тураў у групе „J” зборныя Румыніі і Ісландыі маюць па тры ачкі і займаюць чацвёртае і пятае месца. Узначальвае ж табліцу каманда Арменіі, у якой дзевяць ачкоў.

Украінскі журналіст Сянько: «Мілеўскі завяршае кар’еру»

Экс-нападнік кіеўскага «Дынама» і зборнай Украіны Арцём Мілеўскі неўзабаве завершыць сваю кар’еру, паведаміў журналіст Андрэй Сянько. Апошнім клубам 36-гадовага футбаліста быў «Мінай». Мілеўскі ў складзе берасцейскага «Дынама» выйграў чэмпіянат Беларусі, Кубак Беларусі і тройчы Суперкубак Беларусі.

Дзмітрый Корабаў вяртаецца ў менскае „Дынама”

Беларускі абаронца Дзмітрый Корабаў падпіша пагадненне з менскім «Дынама». Гэтым летам хакеіст апынуўся ў складанай сітуацыі: спачатку быў абмяняны з «Салавата» у «Спартак», а затым выстаўлены масквічамі на драфт адмоваў. У мінулым сезоне КХЛ 32-гадовы Корабаў правёў 36 матчаў за «Салават Юлаеў» і аддаў 7 галявых перадач пры паказчыку карыснасці «+5» і 6 хвілінах штрафу.

Мбапэ прыняў рашэнне «ПСЖ» не прадаваць яго ў «Рэал»

Нападнік «ПСЖ» Кіліан Мбапэ не будзе праяўляць характар ​​у сувязі з сарваўшымся трансферам ў «Рэал». Француз прыняў той факт, што «ПСЖ» яго не прадаў, і мае намер правесці гэты сезон у парыжскай камандзе. Верагодней за ўсё, гэты сезон стане для Мбапэ апошнім у французскім клубе, паколькі ён не мае намеру працягваць кантракт з «ПСЖ». Раней стала вядома, што «Рэал» выйшаў з перамоваў, так як не змог дамовіцца з парыжанамі.

Беларускае Радыё Рацыя