Зборная Беларусі па гандболу разгромна прайграла камандзе Польшчы



Зборная Беларусі разгромна саступіла камандзе Польшчы ў матчы групавога этапу чэмпіянату Еўропы па гандболе з лікам 20:29. Напярэдадні гульні левы паўсярэдні беларускай зборнай Уладзіслаў Кулеш здаў станоўчы тэст на каронавірус — і не змог дапамагчы партнёрам на пляцоўцы. Малады правы паўсярэдні Мікалай Алёхін у першым тайме атрымаў прамую чырвоную картку за ўдар у твар суперніку. У беларусаў пяць мячоў закінуў правы крайні Мікіта Вайлупаў, па тры галы ў Вадзіма Гайдучэнкі, Арцёма Каралька і Андрэя Юрынка.

Каманда Юрыя Шаўцова страціла шансы на працяг барацьбы ў асноўным этапе: палякі і немцы разыграюць першае і другое месцы ў групе „D”, беларусы ўжо не ўздымуцца вышэй за трэцюю пазіцыю і апошнюю гульню правядуць у аўторак з аўстрыйцамі.

Антон Смольскі заняў трэцяе месца ў гонцы пераследу

Беларускі біятланіст Антон Смольскі заняў трэцяе месца ў гонцы пераследу на шостым этапе Кубка свету ў нямецкім Рупольдынгу. Лідэр беларускай каманды пайшоў на дыстанцыю працягласцю 12,5 км трэцім, адстаючы ад лідэра француза Кентэна Фіёна Мае на 32 секунды. На двух агнявых рубяжах пры стральбе лежачы Антон Смольскі дапусціў па адным промаху і пайшоў на трэці круг толькі 17-м. Затое на дзвюх „стойках” беларус быў бездакорны і ў выніку фінішаваў трэцім, адстаўшы ад Кентэна Фіёна Мае на 13,1 секунды. Другое месца заняў расіянін Аляксандр Логінаў з адставаннем 8,8 секунды. У жаночай гонцы пераследу на 10 км лепшай з прадстаўніц Беларусі была Дзінара Алімбекава, якая заняла шостае месца. Смольскі пасля шостага этапа ўзняўся на сёмае месца ў агульным заліку Кубка свету, Дзінара Алімбекава засталася на 3-м месцы.

Хакеісты „Металурга” перамаглі „Магілёў”

Хакеісты жлобінскага „Металурга” ў серыі булітаў адолелі „Магілёў” у апошнім хатнім паядынку першай часткі чэмпіянату Беларусі.  Толькі ў серыі пасляматчавых булітаў „Металург” вырваў перамогу – 2:1.
Гуляючы ў гасцях у „Гомеля”, хакеісты „Віцебску” саступалі пасля двух перыядаў з лікам 0:2, аднак у канцы асноўнага часу здолелі зраўняць лік, а за дзве секунды да заканчэння авертайму Аляксандр Ляўко прынёс віцябчанам звышвалявую вікторыю – 3:2. У заключным паядынку першай стадыі рэгулярнага чэмпіянату аршанскі „Лакаматыў” упэўнена перайграў наваполацкі „Хімік” 4:1. Зараз 12 клубаў экстралігі падзеляцца на дзве шасцёркі і правядуць яшчэ па 10 гульняў. Другая частка першынства пройдзе з 20 студзеня па 26 лютага.

Баскетбалісткі „Гарызонта” святкавалі 14-ю перамогу ў чэмпіянаце Беларусі

Падначаленыя Наталлі Трафімавай разграмілі сваю даччыную каманду „Гарызонт-2”  88:42. Віцэ-чэмпіёнкі краіны баскетбалісты „Цмокi-Мінск” ва ўпартай барацьбе адолелі ў Гародні мясцовую „Алімпію” з перавагай у чатыры ачкі – 60:56. Пасля перамогі дзейны чэмпіён краіны „Гарызонт” набраў 28 ачкоў з 28 магчымых. На тры балы адстаюць сталічныя „Цмокi”, у актыве баскетбалістак „Алімпіі” 23 ачкі. Матчы наступнага туру пройдуць 20-23 студзеня.

„Рэал” перамог „Атлетык” і выйграў Суперкубак Іспаніі

„Рэал” перамог „Атлетык” у фінале Суперкубка Іспаніі. Сустрэча, якая прайшла ў Саўдаўскай Аравіі, завяршылася з лікам 2:0. На 38-й хвіліне лік адкрыў Лука Модрыч. А на 52-й хвіліне Карым Бензема падвоіў перавагу „Рэала”, забіўшы пенальці. „Рэал” у дванаццаты раз стаў уладальнікам Суперкубка Іспаніі.

Новак Джокавіч не згуляе на Australian Open – 2022

Федэральны суд Аўстраліі адхіліў апеляцыю сербскага тэнісіста Новака Джокавіча наконт паўторнага анулявання яго візы і дэпартацыі з краіны.

Такім чынам, лідар сусветнага рэйтынгу дзевяціразовы чэмпіён Australian Open не зможа абараніць свой тытул і неўзабаве будзе вымушаны пакінуць Аўстралію.

Беларускае Радыё Рацыя