Зборная Беларусі па хакеі (U-18) перамагла Швейцарыю на ЧС у Расеі



Юніёрская зборная Беларусі па хакеі (U-18) перамагла Швейцарыю з лікам 5:4 (0:2, 2:0, 3:2) на чэмпіянаце свету, які праходзіць у Расеі.

Да пачатку сусветнага форуму ў трэнерскім штабе беларусаў называлі сустрэчу з хакеістамі Швейцарыі ключавой у барацьбе за месца ў плэй-оф. У першым і другім турах у групе А беларусы пацярпелі паражэнні ад Канады (3:8) і Швецыі (3:4).

Матч з альпійскай дружынай складваўся драматычна для каманды. У ходзе першага перыяду падапечныя Паўла Перапехіна ўступалі 0:2. Пасля перапынку беларусы значна прыбавілі ў нападзенні і нанеслі шмат кідкоў па варотах саперніка. Магутны прэсінг прынёс вынікі ў сярэдзіне другога перыяду. Аўтарамі закінутых шайбаў сталі Ілья Казьянін (28 мінута) і Уладзіслаў Калячонак (31-я мінута).

Заключныя дваццаць мінут сустрэчы трымалі ў напружанні да фінальнай сірэны. Беларусы працягвалі дамінаваць на пляцоўцы, і на 45-й мінуце Павел Ажгірэй вывеў зборную наперад – 3:2. Хутка за парушэнне колькаснага складу беларусы засталіся ўчацвярых, чым і скарысталіся апаненты. Большасць у швейцарцаў рэалізаваў Стэфан Патры, а праз усяго 46 секунд Міка Хенаўэр вывеў альпійскую дружыну наперад – 4:3. Зраўнаваць лік беларусам удалося ў канцы трэцяга перыяду. Кірыл Леўшуноў быў дакладны на 59-й мінуце матчу – 4:4. Хутка настаўнік Павел Перапехін узяў перапынак, які дапамог вызначыцца яго падапечным пяты раз. За 12 секунд да фінальнай сірэны аўтарам пераможнага гола стаў Уладзімір Алістраў – 5:4.

Перамога над Швейцарыяй падапечных Паўла Перапехіна стала першай пасля двух паражэнняў і дазволіць зборнай выступіць у плэй-оф турніру.

Турнірнае становішча групы А: 1. Канада – 9 ачкоў (3 матчы). 2. Швецыя – 9 (3). 3. ЗША – 3 (3). 4. Беларусь – 3 (3). 5. Швейцарыя – 0 (3).

У групе В зборная Чэхіі разграміла каманду Францыі з лікам – 9:2.

Турнірнае становішча групы В: 1. Фінляндыя – 9 (3). 2. Расея – 6 (3). 3. Славакія – 6 (3). 4. Чэхія – 3 (3). 5. Францыя – 0 (4).

Зборная Беларусі па хакеі завершыць папярэдні этап у групе А 24 красавіка матчам з ЗША (13.30), Швецыя сустрэнецца з Канадай, Фінляндыя правядзе гульню з Чэхіяй, Расія згуляе са Славакіяй. Усе матчы беларускія хакеісты праводзяць у Магнітагорску на арэне „Металург”. Чатыры лепшыя каманды выйдуць у 1/4 фіналу чэмпіянату свету па хакеі сярод ігракоў да 18 гадоў.

belta.by