Зборная Беларусі па міні-футболе не выйшла ў фінал чэмпіянату Еўропы
Зборная Беларусі па міні-футболе не здолела прабіцца ў фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы 2022 года.
На пляцоўцы менскага палаца спорту „Уручча” у паядынку ў адказ плей-оф беларусы саступілі камандзе Сербіі 2:3. Беларускія футбалісты пры ліку 0:3 змаглі адыграць два мячы – за 5 хвілін да фінальнай сірэны вызначыўся Уладзіслаў Сялюк, а ў самым канцы Сяргей Крыкун скараціў разрыў да мінімуму. У першым матчы, які адбыўся 15 лістапада ў сербскім Крагуевацы, падначаленыя Аляксандра Савінцава пацярпелі паразу з лікам 1:3.
„Мяшкоў Берасце” перапыніў серыю паразаў у Лізе чэмпіёнаў
Гандбалісты клуба „Мяшкоў Берасце” у апошнім матчы першага круга здабылі першы заліковы бал на групавым этапе Лігі чэмпіёнаў.
У матчы 7-га тура папярэдняй групы А берасцейцы згулялі ўнічыю на сваёй арэне з харвацкім „Заграбам” – 30:30. Самым выніковым у складзе чэмпіёнаў Беларусі стаў Станіслаў Кашпарэк, у актыве якога 6 дакладных кідкоў. Па пяць разоў вызначыліся Андрэй Юрынок, Вячаслаў Шумак і Мікіта Вайлупаў. Ва ўсіх шасці папярэдніх сустрэчах першага круга „Мяшкоў Берасце” прайграваў.
Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі чарапавецкай „Северсталі”
Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі ў хатнім матчы чарапавецкай „Северсталі” па булітах — 3:4. У складзе «бела-блакітных» адзначыліся Кірыл Варонін, Лукас Бенгцан і Мікіта Пышкайла, які закінуў сваю дэбютную шайбу за «дынамаўцаў». Агулам „зубры” прайгралі пяць з шасці апошніх матчаў за выхад у плэй-оф КХЛ. Наступны хатні матч яны правядуць заўтра супраць маскоўскага ЦСКА.
„Цмокi-Менск” не выйшлі ў другі раунд Кубка ФІБА-Еўропа
Баскетбалісты „Цмокi-Менск” не здолелі прабіцца ў другі групавы этап розыгрышу Кубка ФІБА-Еўропа.
У апошнім паядынку групы G чэмпіёны Беларусі прайгралі ў Менску дацкаму клубу „Бакен Бірз” з лікам 80:93. Каб працягнуць свой еўракубкавы сезон, мінчанам трэба было выйграць з перавагай не менш як дзевяць ачкоў. Лепшым у складзе беларускай каманды быў Яўген Белянкоў, у актыве якога 21 ачко, 4 падборы пад шчытамі і столькі ж перадач.
Мугуруса ўпершыню выйграла выніковы турнір WTA
Іспанка Гарбіньё Мугуруса ўпершыню стала пераможцай выніковага турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі.
У вырашальным паядынку спаборніцтваў у мексіканскай Гвадалахары пятая ракетка свету перамагла ў дзвюх партыях эстонскую тэнісістку Анэт Кантавейт, якая займае 8-е месца ў рэйтынгу WTA, – 6:3, 7:5.
У фінальным матчы парнага разраду чэшскі дуэт Барбара Крэйчыкава / Кацярына Сінякова ўзяў верх над бельгійкай Эліз Мёртэнс і Се Шувэй з Кітайскага Тайбэя – 6:3, 6:4.
У спаборніцтвах мужчын другім паўфіналістам выніковага турніру Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) у італьянскім Турыне, стаў лідэр сусветнага рэйтынгу серб Новак Джокавіч. Сербскі тэнісіст упэўнена абыграў расейца Андрэя Рублёва – 6:3, 6:2. Раней першым удзельнікам паўфінальнай стадыі стаў расеец Данііл Мядзведзеў, які ў прыватнасці абыграў польскага тэнісіста Хуберта Гуркача 6:7, 6:3, 6:4.
Беларускае Радыё Рацыя
