Зборная Беларусі прайграла славакам на старце Лігі нацый УЕФА



Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі з паразы стартавалі ў новым сезоне Лігі нацый УЕФА. У сваім першым паядынку 3-й групы трэцяга па рангу дывізіёна – лігі С, падначаленыя Георгія Кандрацьева на полі стадыёна „Караджарджы” ў сербскім Нові-Садзе саступілі камандзе Славакіі з лікам 0:1. Пасля перапынку славацкія футбалісты зайгралі хутчэй і праз 15 хвілін Томаш Суслаў, які выйшаў на замену, адкрыў лік. Прапусціўшы мяч, беларусы заўважна актывізаваліся, мелі некалькі голавых момантаў, але адыграцца так і не змаглі.

Ісландцы дагналі беларусаў у кваліфікацыі моладзевага чэмпіянату Еўропы

Футбалісты моладзевай зборнай Ісландыі (U-21) дагналі беларусаў у адборавым турніры чэмпіянату Еўропы 2023 года. У Рэйк’явіку ісландцы разграмілі аўтсайдара кваліфікацыйнай групы D каманду Ліхтэнштайна з лікам 9:0. Беларуская „маладзёжка” свой перадапошні матч правядзе сёння ў Ерэване на полі Федэрацыі футбола Арменіі супраць лідара групы каманды Партугаліі. Затым падначаленыя Сяргея Ясінскага возьмуць курс на Рэйк’явік, дзе 8 чэрвеня завершаць адборавы цыкл кантынентальнага першынства сустрэчай з ісландскімі аднагодкамі.

Аляксандр Хацкевіч можа стаць галоўным трэнерам луганскай „Зары”

Беларускі трэнер Аляксандр Хацкевіч можа ўзначаліць луганскую „Зару”, пасля сыходу Віктара Скрыпніка. Яго кантракт падышоў да канца, і спецыяліст вырашыў не заставацца ў камандзе. Канкурэнцыю Хацкевічу складзе трэнер „Крыўбаса” Аляксандр Бабіч, які гуляе ў Першай лізе, паведамляе Футбол 24 са спасылкай на інфармацыю журналіста Ігара Цыганыка.

Давыскіба працягнуў кантракт з італьянскай „Манцэй”

Беларускі валейбаліст Уладзіслаў Давыскіба застанецца ў складзе італьянскай „Монцы” яшчэ на адзін сезон. Для 21-гадовага гульца беларускай зборнай наступны сезон у гэтым клубе італьянскай Суперлігі стане трэцім запар. Давыскіба перайшоў у „Монцу” з менскага „Будаўніка” ў 2020 годзе і адразу стаў адным з лідараў каманды. У мінулым сезоне „Монца” выйграла другі па значнасці кантынентальны клубны турнір – Кубак ЕКВ, а Уладзіслаў Давыскіба быў прызнаны лепшым гульцом фінальных паядынкаў гэтых спаборніцтваў з французскім „Турам”.
Жонка Уладзіслава – Ганна Давыскіба таксама гуляе ў Монцы за жаночую каманду.

Надаль 14-ы раз выйшаў у фінал „Ралан Гарос”

Іспанскі тэнісіст Рафаэль Надаль (5-ы нумар рэйтынгу АТР) стаў фіналістам адкрытага чэмпіянату Францыі. У паўфінале Надаль, якому споўнілася 36 гадоў, сустракаўся з прадстаўніком Германіі Аляксандрам Зверавым і за паўтары гадзіны выйграў першую партыю на тай-брэйку – 7:6 (10:8). Другі сэт таксама праходзіў у вельмі ўпартай барацьбе і пры ліку 6:6, спрабуючы дастаць мяч, Звераў падкруціў нагу і не змог працягнуць гульню. Другі сэт таксама доўжыўся паўтары гадзіны.

Супернікам Надаля па вырашальным паядынку другога ў сезоне турніру серыі „Вялікага шлема” стаў нарвежскі тэнісіст Каспер Рууд, які абыграў харвата Марына Чыліча 3:6, 6:4, 6:2, 6:2.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]