Зборная Беларусі правальвае хакейны ЧС
Зборная Беларусі па хакеі надзвычай няўдала пачала чэмпіянат свету. У першым паядынку каманда пад кіраваннем Дэйва Льюіса без шанцаў саступіла дружыне Швецыі 0:5, а 5 траўня беларуская зборная ў адным з важнейшых для сябе матчаў бязвольна і няздарна прайграла Францыі 2:6.
Ужо ў першым перыядзе матча з „трохкаляровымі” беларусы хутка прапусцілі дзве шайбы. У канцоўцы гэтага адрэзка Аляксандар Паўловіч трапным кідком у бальшыні падарыў невялікую надзею айчынным заўзятарам, але ў другім перыядзе лік узрос да 3:1 на карысць французаў, а ў заключным перыядзе „чырвона-зялёных” напаткала ўжо поўнае дэкласаванне. У двубоі, дзе чакалася роўнае змаганне, выйшаў канфуз і поўнае расчараванне.
Пры ліку 5:1 беларускай дружыне ўдалося яшчэ раз засмуціць галкіпера Францыі – пасля кідка Вараб’я пры колькаснай перавазе з-за выдалення дапамог рыкашэт ад канька абаронцы супернікаў. Але на большае беларускія хакеісты былі ўжо няздольныя. У канцоўцы французы дабілі зборную Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя
