Зборная Беларусі ў другім кошыку пры лёсаванні ЧЕ-2022 па гандболе
16 чэрвеня адбудзецца лёсаванне кваліфікацыі мужчынскага чэмпіянату Еўропы-2022 па гандболе. 32 удзельнікі будуць разбітыя на восем груп па чатыры ў кожнай. Зборная Беларусі будзе ў другім кошыку, у які акрамя нашай зборнай трапілі Аўстрыя, Партугалія, Паўночная Македонія, Сербія, Расея, Чарнагорыя, Нідэрланды. Фінальны турнір ЧЕ-2022 пройдзе ў Венгрыі і Славакіі. У ім прымуць удзел 24 зборныя. 20 з іх вызначацца ў кваліфікацыі – гэта каманды, якія зоймуць першыя і другія месцы ў групах, а таксама чатыры лепшыя зборныя, якія зоймуць трэція месцы.
Сцяпан Гарачэўскіх перайшоў з «Данбаса» ў «Брэст»
34-гадовы галкіпер Сцяпан Гарачэўскіх працягне кар’еру ў «Брэсце», які выступае ў экстралізе «Б» чэмпіянату Беларусі. Папярэднім клубам хакеіста быў украінскі «Данбас». Гарачэўскіх – удзельнік пяці чэмпіянатаў свету ў складзе зборнай Беларусі. Праўда, на гэтых турнірах ён правёў усяго адзін матч. У мінулым сезоне галкіпер правёў 19 матчаў за «Данбас» з каэфіцыентам надзейнасці 2,14 і адсоткам адбітых кідкоў 92,3.
Віталь Лютыч змяніў «Цмокi-Менск» на «Самару»
Беларускі баскетбаліст Віталь Лютыч працягне карʼеру ў «Самары». Папярэднім клубам гульца былі «Цмокi-Менск», з якімі вырашана не працягваць супрацоўніцтва. Лютыч вярнуўся ў склад «цмокаў» два гады таму. У сезоне-2019/20 ён правёў 16 матчаў у Адзінай Лізе ВТБ і 13 у Кубку ФІБА-Еўропа.
У «Карпатах» у 26 чалавек знойдзены каронавірус
У 26 прадстаўнікоў львоўскіх «Карпат» дыягнаставаная каронавірусная інфекцыя. Дакладна вядома, што сярод тых, хто захварэў ёсць адзін з трэнераў. Учора «Карпаты» паведамілі аб скасаванні кантракту з беларускім паўабаронцам Кірылам Кірыленкам па ўзаемнай згодзе. Футбольны клуб адпраўляецца на каранцін, а сезон у УПЛ за львавян патэнцыйна можа дайграць моладзевы склад.
Міхаілу Сівакову прапануюць зрэзаць зарплату на 30%
У ФК «Арэнбург», кантракт з якім 1 чэрвеня падоўжыў беларускі абаронца Міхаіл Сівакоў, паўсталі фінансавыя праблемы, з-за чаго клуб можа страціць месца ў расейскай прэмʼер-лізе. Пакуль каманду афіцыйна пакінулі тры футбалісты. На чарзе яшчэ некалькі гульцоў. Пакінутым, у тым ліку беларускаму футбалісту, прапануюць 30-працэнтнае паніжэнне зарплаты.
Беларускае Радыё Рацыя
