Зборная Беларусі заняла першае месца ў медальным заліку ЧС у Будапешце



Беларускія спартоўцы занялі першае месца ў камандным заліку на чэмпіянаце свету па сучасным пяціборстве, які прайшоў у Будапешце. На рахунку беларускіх спартоўцаў тры ўзнагароды. На вышэйшую прыступку п’едэстала гонару ўзнімалася Вольга Сілкіна ў асабістым першынстве. Акрамя таго, Вольга Сілкіна разам з Настай Пракапенка і Ірынай Прасенцовай сталі чэмпіёнкамі ў камандным заліку сярод жанчын. Таксама на рахунку беларускіх атлетаў бронза ў змешанай эстафеце, якую заваяваў тандэм Анастасіі Пракапенка і Іллі Палазкова. Чэмпіянат свету-2021 па сучасным пяціборстве ўпершыню прыме Менск.

Сяргей Кісель заваяваў золата на прэстыжным турніры ў Амстэрдаме

Беларус Сяргей Кісель выйграў залаты медаль на завяршыўся ў Амстэрдаме турніры па фехтаванні серыі „Сатэліт”. У турніры шаблістаў беларус паспяхова пераадолеў папярэднюю групавую стадыю спаборніцтваў. Затым у баях на выбыванне Сяргей Кісель па чарзе перамог галандца, вугорца і двух палякаў. У вырашальным паядынку наш суайчыннік быў мацней Юсефа Альшамлана з Кувейта – 15:7.

Лідзія Марозава і Аляксандра Круніч выбылі ў 1/8 фіналу парнага разраду турніру ў Наньчане

Беларуска Лідзія Марозава сербка Аляксандра Круніч выбылі ў 1/8 фіналу парнага разраду турніру ў кітайскім Наньчане. Інтэрнацыянальны дуэт саступіў кітайскай пары Сінь Ю Ван / Лін Чжу – 7:6 (7:5), 0:6, 4:10.

Арына Сабаленка пасля „US Open” захавала 13-ы радок у рэйтынгу ВТА

У новым рэйтынгу ВТА лідарства захапіла аўстралійка Эшлі Барці. На другім месцы размясцілася прадстаўніца Чэхіі Караліна Плішкава. Трэцяя – Эліна Світоліна з Украіны. Першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка, нягледзячы на ​​ранні вылет з адзіночнай сеткі „US Open”, захавала 13-ы радок сусветнага рэйтынгу.

Першая ракетка Беларусі Ягор Герасімаў ў новым рэйтынгу АТП падняўся на 119-ы радок. Гэта стала магчымым пасля выхаду беларуса ў другі раўнд адкрытага чэмпіянату ЗША. Пераможца „US Open” Рафаэль Надаль застаўся на другім месцы. Лідыруе Новак Джокавіч з Сербіі.

Ігар Мартынаў – лепшы пачатковец першага тыдня чэмпіянату КХЛ

Камісія па вызначэнні лепшых хакеістаў чэмпіянату КХЛ назвала лаўрэатаў першага тыдня турніру. У прыватнасці, форвард менскага „Дынама” Ігар Мартынаў прызнаны лепшым навічком турніру. Лепшым нападнікам прызнаны Тэему Пулкінен („Дынама” Мн), які ў чатырох матчах закінуў чатыры шайбы і адзначыўся выніковай перадачай. Фінскі форвард „Дынама” забіваў галы ў кожным з праведзеных матчаў, адзначае афіцыйны сайт КХЛ. На рахунку Пулкінена 17 кідкоў па брамцы.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя