Зборная Беларусі зганьбілася ў Люксембургу



Зборная Беларусі 31 жніўня згуляла адборавы матч у кваліфікацыі да чэмпіянату свету. На полі Люксембурга наша дружына прайграла 0:1.

Беларусь выставіла наступны стартавы склад: Чэрнік — Алісейка, Паліцевіч, Сівакоў, Філіпенка (к), Матвейчык — Драгун, Маеўскі, Балановіч — Гардзяйчук, Лапцеў. Многія аглядальнікі адразу зввярнулі ўвагу на тое, што камандор Беларусі Ігар Крывушэнка выставіў занадта абарончы склад. І сапраўды ў першым тайме атака беларускай дружыны выглядала зусім бяззуба і інертна. Наскокі гаспадароў поля былі не менш небяспечнымі. Агулам гульня глядзелася бляклай і нецікавай. Усе задаваліся пытаннем – каго ж можа адолець Беларусь, калі на полі ў Люксембурга з-за траўмаў і дыскваліфікацый не было ў гэты дзень бальшыні гульцоў асновы?

Пасля перапынку замест Паліцевіча, які разбіў галаву ў канцоўцы першага тайма, на поле выйшаў Павел Савіцкі. На 53-й хвіліне беларусы за некалькі секунд праверылі на трываласць спярша штангу, а пасля папярэчыну.

На 60-й хвіліне грымнуў гром – контратака люксембуржцаў пры поўным развале беларускай абароны прывяла да голу – пры такой нягегласці абаронцаў галкіпер Чэрнік нічога не мог зрабіць нават тэарэтычна. Мяч запісаў на свой рахунак Даніэль да Мота. Усе далейшыя спробы беларусаў адыграцца плёну не прынеслі. Беларуская зборная працягвае дэградаваць.

У гэты вечар адбыліся і іншыя сустрэчы групы. Іх вынікі наступныя: Балгарыя-Швецыя – 3:2 (Станіслаў Манолеў, 12, Георгій Кастадзінаў, 33, Івайла Чочаў, 79; Мікаэль Лусціг, 29, Маркус Берг, 44) Францыя-Нідэрлянды-4:0 (Антуан Грызман, 14, Тама Лемар, 73, 88, Кіліян Мбапе, 90).

Турнірная табліца пасля гэтых матчаў набыла такі выгляд: 1. Францыя – 16 ачкоў, 2. Швецыя – 13, 3. Балгарыя – 12, 4. Нідэрлянды – 10, 5. Беларусь – 5, 6. Люксембург – 4.

Беларускае Радыё Рацыя