Зборная Нямеччыны выйшла ў лідары медальнага заліку Алімпійскіх гульняў



Спартоўцы зборнай Нямеччыны ўзначалілі медальны залік пасля чарговага дня спаборніцтваў XXIV зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне. З беларускіх спартоўцаў напярэдадні выступала толькі гарналыжніца Марыя Шканава. У турніры па слаламе дасведчанай 32-гадовай спартоўцы ўдалося заняць 20-е месца, апярэдзіўшы больш за 30 удзельніц. Для Марыі Шканавай гэта найлепшы вынік на Алімпіядах, гэта былі яе чацвёртыя Гульні ў кар’еры. Каманда Нямеччыны выйшла ў лідары медальнага заліку, у яе 8 узнагарод – 5 залатых і 3 срэбраныя. Другімі ідуць спартоўцы Нарвегіі – 10 медалёў (4 золата 2 срэбра і 4 бронзы), на трэцім месцы зборная Швецыі – 7 медалёў (4 золата, 1 срэбра і 2 бронзы). Беларусь з адным срэбрам займае 20-ю пазіцыю. Уладальнікамі алімпійскіх медалёў ужо станавіліся прадстаўнікі 23 краін. Сёння барацьбу за ўзнагароды беларускія спартоўцы павядуць у фігурным катанні, канькабежным спорце і лыжнай акрабатыцы.

Датчане сенсацыйна перамаглі хакеістаў Чэхіі на алімпійскім турніры

Хакеісты зборнай Даніі нечакана абыгралі чэхаў 2:1 у другім матчы алімпійскага турніру ў Пекіне. У першым перыядзе датчане двойчы трапілі ў брамку патэнцыйных фаварытаў, а ў другой дваццаціхвілінцы чэхі адыгралі адну шайбу. У заключнай трэці матча чэшскія хакеісты поўнасцю валодалі ініцыятывай, нанеслі 13 кідкоў па брамцы, але не здолелі прабіць вопытнага галкіпера дацкай каманды Себасцьяна Дама. Таксама ў стартавым паядынку папярэдняй групы B дзейныя алімпійскія чэмпіёны расійскія хакеісты з вялікай цяжкасцю адолелі зборную Швейцарыі – 1:0.

Марозава і Крысціян прайгралі ў 1/8 фіналу парнага разраду тэніснага турніру ў Санкт-Пецярбургу

Беларуская тэнісістка Лідзія Марозава і амерыканка Кейтлін Крысціян не змаглі прабіцца ў другі круг парнага разраду турніру катэгорыі WTA-500 у Санкт-Пецярбургу з прызавым фондам 703 тысячы даляраў. У матчы 1/8 фіналу Марозава і Крысціян саступілі ў дзвюх партыях славацка-нарвежскаму тандэму Вікторыя Кужмава / Ульрыке Эйкеры – 6:7, 4:6. Раней у 1/16 фіналу адзіночнага разраду беларуска Аляксандра Сасновіч адолела ў трохсэтавым паядынку польскую тэнісістку Магду Лінэт  – 7:5, 4:6, 6:4. Наступнай суперніцай беларускай тэнісісткі будзе румынка Жаклін Крысціян. Спаборніцтвы ў Санкт-Пецярбургу завершацца 13 лютага.

Аляксандр Булычоў афіцыйна сышоў з Шахцёра

Паўабаронца Аляксандр Булычоў пакінуў салігорскі «Шахцёр».

Кантракт з гульцом спынены па пагадненні бакоў, паведамляе прэс-служба гарнякоў. За асноўны склад Аляксандр дэбютаваў у матчы за Суперкубак Беларусі-2020. Другую палову таго сезона выступаў за «Гарадзею» на правах арэнды. Мінулы сезон правёў у арэндзе ў футбольных клубах «Віцебск» і «Энергетык»-БДУ.

„Чэлсі” абыграў „Аль-Хіляль” дзякуючы голу Лукаку і выйшаў у фінал клубнага Чэмпіянату свету

„Чэлсі” перамог „Аль-Хіляль” у паўфінале клубнага чэмпіянату свету. Сустрэча прайшла ў Абу-Дабі і завяршылася з лікам 1:0 на карысць лонданскай каманды. Адзіны гол на 32-й хвіліне забіў бельгійскі нападаючы Рамэлу Лукаку. Ён скарыстаўся грубай памылкай гульца „Аль-Хіляля” і адправіў мяч у браму з блізкай адлегласці.

„Чэлсі” выйшаў у фінал клубнага чэмпіянату свету, дзе сустрэнецца з бразільскім „Палмэйрас”, які ў паўфінале перамог егіпецкі „Аль-Ахлі” 2:0. Фінал турніру пройдзе ў суботу.

Нагадаем, у мінулым сезоне „Чэлсі” выйграў Лігу чэмпіёнаў УЕФА. „Палмэйрас” жа другі год запар перамог у Кубку Лібертадорэс.

Дубль Жыру дапамог «Мілану» разграміць «Лацыё» і выйсці ў паўфінал Кубка Італіі.

У матчы 1/4 фіналу Кубка Італіі «Мілан» прымаў рымскі «Лацыё». Сустрэча прайшла на стадыёне „Сан-Сіра” у Мілане і завяршылася перамогай гаспадароў з лікам 4:0.

На 24-й хвіліне сустрэчы лік адкрыў нападнік «Мілана» Рафаэл Леаў. На 41-й хвіліне форвард Аліўе Жыру ўмацаваў перавагу міланскай каманды ў ліку. У кампенсаваны час першага тайма Жыру аформіў дубль і давёў лік да разгромнага. На 79-й хвіліне паўабаронца «Мілана» Франк Кесье ўсталяваў канчатковы лік сустрэчы. Такім чынам, „Мілан” выйшаў у паўфінал Кубка Італіі, а рымскі „Лацыё” завяршыў выступы ў турніры. У паўфінале Кубка Італіі „Мілан” згуляе з „Інтэрам”, які раней перамог у матчы з „Ромай” 2:0.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]