Зборная Украіны за крок да мундыялю



Футбольная зборная Украіны зрабіла важкі крок на шляху ў фінальную частку чэмпіянату свету, які пройдзе ў канцы бягучага году ў Катары.

У паўфінальным спаборы з аднаго матчу ўкраінцы перамаглі Шатлянлыю, прычым на яе полі – 3:1. Украінцы выразна дамінавалі на полі і здаваліся камандай больш высокага роўню чым брытанская дружына. На 33-й хвіліне майстар-клас прадэманстраваў лепшы бамбардзір жоўта-блакітных Андрэй Ярмоленка – форвард здзейсніў рывок, тэхнічна прыняў перадачу і парашуцікам даслаў мяч у сетку. Гэта быў 45-ы гол нападніка за зборную Украіны.

Неўзабаве пасля перапынку вызначыўся іншы форвард украінцаў – пасля навесу партнёра Раман Ярэмчук галавой дакладна даслаў мяч у браму. На 79-й хвіліне ўжо шатляндцы дамагліся лакальнага поспеху – голам вызначыўся Калам МакГрэгар. Але далей аб’ектыўна шанцаў у шатляндцаў не было. А ў кампенсаваны час Арцём Доўбік у контратацы паставіў яскравую кропку – 3:1 на карысць Украіны.

У вырашальным стыкавым паядынку за права згуляць на мундыялі Украіна пазмагаецца з Уэльсам (матч пройдзе 5 чэрвеня). Валійцы, дарэчы, 1 чэрвеня прайгралі Польшчы ў Лізе нацый – 1:2.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]