Жаночая зборная Беларусі даведалася супернікаў па кваліфікацыі Еўрабаскета-2023
Адбылося лёсаванне адборавага турніру жаночага чэмпіянату Еўропы 2023 года. Зборная Беларусі згуляе ў групе I з камандамі Чэхіі, Нідэрландаў і Ірландыі. Адборавы турнір пройдзе з лістапада 2021 па люты 2023. У фінальную частку выйдуць 10 пераможцаў груп, а таксама чатыры лепшыя каманды, якія занялі другія месцы. Чэмпіянат Еўропы пройдзе ў Славеніі і Ізраілі.
Мацвей Волкаў – чэмпіён свету сярод юніёраў у скачках з шастом
Мацвей Волкаў заваяваў золата ў скачках з шастом на юніёрскім чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Найробі. Пераможная вышыня – 5,45 метра. Серабро ў фіна Юхо Аласаары (5,35), бронза – у паўднёваафрыканца Кайлі Радэмэера (5,30).
„Рэал” працягнуў кантракт з Карымам Бензема да 2023
Форвард „Рэала” Карым Бензема працягнуў кантракт з мадрыдцамі, паведамляецца на афіцыйным сайце клуба. Пагадненне з 33-гадовым французам разлічана да чэрвеня 2023 года. Папярэдні кантракт мінаў у 2022 годзе. Бензема выступае за „Рэал” з 2009 года. У мінулым сезоне француз правёў 34 матчы ў чэмпіянаце Іспаніі, забіў 23 галы і аддаў дзевяць выніковых перадач.
Рафаэль Надаль датэрмінова завяршыў сезон з-за траўмы нагі
Рафаэль Надаль больш не выступіць у 2021 годзе з-за траўмы нагі. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Twitter. Надаль прапусціць Адкрыты чэмпіянат ЗША (US Open) – апошні турнір Вялікага шлема ў 2021 годзе. Іспанец выйграваў US Open чатыры разы.
Алеся Гетманава перамагла на юніёрскім чэмпіянаце свету па барацьбе
У Уфе стартаваў юніёрскі чэмпіянат свету па вольнай, грэка-рымcкай і жаночай барацьбе. У вагавой катэгорыі да 55 кг Алеся Гетманава заваявала залаты медаль. У фінале беларуска перамагла Калміру Білімбек Кызы з Кыргызстана. Сярэбраны медаль выйграла Арына Мартынава, якая дайшла да фіналу вагавой катэгорыі да 59 кг. У вырашальным паядынку яна саступіла Анастасіі Сідзельнікавай з Расеі. У катэгорыі 76 кг беларуска Ксенія Дзібук заняла трэцяе месца.
Аляксандра Сасновіч і Ганна Блінкова выйшлі ў паўфінал парнага разраду турніра ў Цынцынаці
Беларуска Аляксандра Сасновіч і расейка Ганна Блінкова выйшлі ў паўфінал парнага разраду турніру ў амерыканскім Цынцынаці. У матчы 1/4 фіналу інтэрнацыянальны дуэт аказаўся мацнейшым іспанскай пары Паўла Бадоса / Сара Сарыбес Торма з лікам 4:6, 6:4, 10:3.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
