Жаночая зборная Беларусі па хакеі на траве выйшла ў паўфінал



Жаночая зборная Беларусі па хакеі на траве атрымала трэцюю перамогу на чэмпіянаце Еўропы ў дывізіёне ІІ, абыграўшы Уэльс з лікам 4:2, і выйшла ў паўфінал турніру.

У заключнай гульні папярэдняга этапу ў групе В беларускі ўпэўнена кантралявалі ход сустрэчы. Галамі вызначыліся Рыта Батура (19-я мінута), Святлана Багушэвіч (30), Юлія Міхейчык (37) і Наталля Шцін (60). Двойчы беларускі вызначыліся пасля розыгрышу стандартных становішчаў – штрафнога вуглавога. Раней наша каманда была мацнейшая за Польшчу (2:0) і Аўстрыю (5:0).

У паўфінале чэмпіянату Еўропы 11 жніўня зборная Беларусі згуляе з другой камандай групы А Італіяй. У іншым паўфінале сустрэнуцца хакеісткі Расеі і Уэльса.

Фінал адбудзецца 12 жніўня. Дзве каманды, якія выйдуць у фінал чэмпіянату Еўропы ў дывізіёне ІІ, увойдуць у элітны дывізіён кантынентальнага першынства.

belta.by