Жыхары Бярозаўкі дабіваюцца права бесперашкодна займацца спортам



Жыхары Бярозаўкі дабіваюцца ад уладаў вярнуць ім права займацца спортам і карыстацца спартыўнымі аб’ектамі. Некалькі месяцаў таму ўлады нечакана ўвялі аплату за наведванне адзінай у горадзе грамадскай спартовай залі і яшчэ некалькіх спартовых аб’ектаў. Да гэтага часу жыхары горада маглі наведваць іх і займацца спортам абсалютна бесперашкодна. Непапулярная ініцыятыва выклікала абурэнне ў жыхароў горада, якія напісалі адпаведны зварот ў Лідскі райвыканкам. Пасля чаго адбылася сустрэча жыхароў Бярозаўкі і чыноўнікаў.

– Давайце проста без жарсцяў, па-дзелавому.

– Трэба прыйсці да кампрамісу.

– А лепш будзе калі мы не будзем хадзіць у гэты зал. Для вас.

– Нікому не будзе лепш – ні нам, ні вам.

Вынікам сустрэчы стала тое, што ўлады пагадзіліся зрабіць наведванне некаторых спартовых пляцовак бясплатным, як гэта было і раней. А таксама перагледзець у бок памяншэння расцэнкі на аплату за наведванне спартовай залі ў Бярозаўцы.

Тлумачыць намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Віктар Пранюк:

– Прыйшлі, я лічу да невялікага кампрамісу. Я лічу, што спорт павінен быць бясплатным, асабліва што тычыцца спартовых аб’ектаў. Я маю на ўвазе для агульнафізічнай падрыхтоўкі. Для Бярозаўкі адназначна планка павінна быць апушчана ўніз і наогул адмовіцца ад гэтай аплаты.

Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя