Зімовы ЕЮАФ ў Вуакаці перанесены на сакавік 2022 года



Каб забяспечыць бяспеку ўдзельнікаў і адначасова гарантаваць, што ўсе лепшыя спартоўцы змогуць удзельнічаць у спаборніцтвах, еўрапейскія алімпійскія камітэты ў супрацоўніцтве з Алімпійскім камітэтам Фінляндыі і мясцовымі арганізатарамі вырашылі, што зімовы Еўрапейскі юнацкі алімпійскі фестываль 2021 года будзе перанесены на сакавік 2022 года. Рашэнне прынята, паколькі пандэмія COVID-19 працягвае распаўсюджвацца на еўрапейскім кантыненце, а трохмесячная адтэрміноўка дазволіць стварыць больш аптымальныя снежныя ўмовы на поўначы Фінляндыі.

 

Аляксандр Падшывалаў пакіне „Міндэн” па завяршэнні сезона

Беларускі распасоўнік „Міндэна” Аляксандр Падшывалаў пакіне нямецкі клуб па заканчэнні гэтага сезону. У Падшывалава гэтым летам заканчваецца кантракт з гандбольным клубам. У „Міндэне” ён праводзіць трэці год. У гэтым сезоне беларус прыняў удзел у 23 матчах і закінуў 17 мячоў.

 

Зборная Беларусі па пляжным футболе згуляе на міжнародным турніры ў Санкт-Пецярбургу

З 21 па 25 красавіка ў Санкт-Пецярбургу адбудзецца міжнародны турнір па пляжным футболе „InterСup”, у якім прымуць удзел восем каманд – зборная Беларусі, зборная Расеі, а таксама „Крылы Саветаў”, „Дэльта”, ЦСКА, „Лекс”, „Лакаматыў” і „Крышталь”. Каманды падзеленыя на дзве групы па чатыры ўдзельнікі. Зборная Беларусі згуляе ў групе А – разам з «Лакаматывам», «Лексам» і «Дэльтай».

 

Ягор Шаранговіч – пяты бамбардзір і пяты снайпер сярод усіх пачаткоўцаў НХЛ

Беларускі форвард „Нью-Джэрсі” Ягор Шаранговіч займае пятае месца ў спісах бамбардзіраў і снайпераў сярод пачаткоўцаў цяперашняга сезону НХЛ. Беларус набраў 22 (11+11) ачкоў у 43 матчах пры паказчыку карыснасці „-2”. У табліцы бамбардзіраў-пачаткоўцаў Шаранговіч саступае толькі Кірылу Капрызаву (37 (18+19)) з „Мінесоты”, Джэйсану Робертсану (35 (14+21)) з „Даласа”, Джошу Норысу (29 (13+16)) з „Атавы” і яго аднаклубніку Ціму Шцюцле (24 (7+17)).

 

Першыя паўфіналы футбольнага Кубка Беларусі пройдуць у Салігорску і Барысаве

У розыгрышы Кубка Беларусі па футболе сёння адбудуцца першыя паўфінальныя сустрэчы. У першым з іх дзеючы чэмпіён краіны салігорскі „Шахцёр” прыме на сваім полі „Іслач” з Менскага раёна. Гульня пачнецца ў 18.45. Цяперашнія ўладальнікі Кубка футбалісты барысаўскага БАТЭ згуляюць у сябе дома з жодзінскім „Тарпеда-БелАЗ” – пачатак у 20.45. Паядынкі ў адказ за выхад у фінал пройдуць 5 траўня ў Жодзіне і Менску. Вырашальны паядынак 30-га Кубка Беларусі адбудзецца 23 траўня ў Гомелі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя