„Зубры” „разладавалі” тальяцінцаў



Менскае „Дынама” дамаглося ў КХЛ другой „сухой” вікторыі запар. На сваім лёдзе беларуская каманда перамагла тальяцінскую „Ладу” з лікам 2:0

Сустракаліся два аўтсайдары з перадапошніх месцаў розных канферэнцый. Аргуманты „зуброў” у вочным спатканні сталіся больш важкімі. Асноўныя падзеі разгарнуліся ў другім перыядзе. На 22-й хвіліне першую шайбу ў брамку гасцей закінуў Яўген Лісавец. На 27-й канадыйскі легіянер Куінтан Хаўдэн павялічыў перавагу бела-блакітных. Абедзве шайбы былі закінуты ў бальшыні. У трэцім перыядзе дынамаўцы стрымлівалі атакі „Лады”. Аднойчы шайба заскочыла ў брамку гаспадароў пляцоўкі, але раней быў свісток і яе не залічылі.

Такім чынам у „Дынама” пасля 10 матчаў тры вікторыі і яшчэ 2 ачкі за паразы ў авертаймах. З 11 пунктамі „зубры” паступова кампенсуюць страчанае, падбіраюцца да сярэдзіны турнірнай табліцы і нават увайшлі ў зону плэй-оф. На даны дзень „Дынама” ужо на 8-ым месцы.

Беларускае Радыё Рацыя