1-ы дзень Фестывалю Абуджаных „Тутака” (абноўлена)



* * * 

На Падляшшы праходзіць І Фестываль Абуджаных „Тутака”.

Мы паразмаўлялі з Сяргеем Доўгушавым, які спявае і адраджае традыцыйныя народныя песні:

– Мая мэта была, каб людзі ведалі народныя песні. Казалі арганізатары, што хочацца аб’яднаць усіх беларусаў, то бок розную музыку ад поп да фолька, да розных класічных выступаў.

Валярына Кустава, паэтка, тэлевядоўца і вядоўца І Фестывалю “Тутака”:

– Беларусы зрабіліся нацыяй. Раней на фестываль “Басовішча” ездзілі „300 спартанцаў”, 1000 асобаў, якія жылі нашай беларушчынай. А цяпер з’яўляюцца новыя твары, новыя людзі, якія мусілі эвакуявацца з Беларусі, для якіх беларушчына – гэта новае разуменне. “Тутака” – гэта фестываль для беларусаў, якія знаходзяць тут сваё месца, якія знаходзяць тут сваіх аднадумцаў, якія могуць сюды прыехаць, але, на жаль, пакуль што не могуць вярнуцца на Радзіму. Але я спадзяюся, што фестываль застанецца, а гэтая сітуацыя зменіцца.

Ва ўрочышчы Барык ізноў гучыць беларуская музыка. У месцы, у якім на працягу трыццаці гадоў праходзіў Фестываль маладой Беларусі „Басовішча”, зараз адбываецца Фестываль Абуджаных „Тутака”. Як адзначаюць арганізатары, фестываль з’яўляецца нагодай адзначыць і ўшанаваць гадавіны выбуху беларускай Рэвалюцыі Годнасці. На думку старшыні фонду „Беларусы Лодзі” Ігара Юрчака, беларусам трэба аб’ядноўвацца вакол любові і культуры:

– Было вельмі шмат пераасэнсаванняў за гэты год. І адно з іх – што нас аб’яднала бяда. Нас аб’яднала ў тым ліку і нейкая злосць за той боль, які прынеслі людзям, які прынеслі нашым родным і блізкім. І з цягам часу мы знаёміліся, размаўлялі адзін з адным, адкрывалі саміх сябе для сябе. І мы прыходзім да таго, што ўсё ж такі аб’ядноўвацца як нацыя мы мусім не вакол бяды, не вакол нянавісці, а вакол любові, вакол іных каштоўнасцяў.

У другі дзень фэсту на сцэне ва ўрочышчы Барык можна будзе пачуць выступы гуртоў ILO&Friends, „Красная Зелень” і NAVIBAND. Апрача таго адбудзецца сустрэча з падляшскім фатографам Юрыем Раецкім і дыскусія пра сітуацыю беларусаў Падлшша. Таксама пройдзе творчая сустрэча з Андрэем Хадановічам, дыскусіі і майстар-класы.

* * * 

20.00 – афіцыйнае адкрыццё фестывалю

20.00 – ISNA TRIO

21.00 – MARGARITA LEVCHUK

22.00 – VERANIKA KRUHLOVA & VALERIA DELE

23.00 – [email protected] PROJECT

24.00 – 03.00 – ПРОСТА ТАНЦУЙ – танцавальныя DJ-сэты

***

Завершыў канцэртную праграму [email protected] PROJECT:

***

Прэсавая-заля з Уладам Грынеўскім і дуэтам VERANIKA KRUHLOVA & VALERIA DELE. Спявачкі распавядаюць пра знаёмства і ўтварэнне дуэта.

****

***

Наступныя выступоўцы фэсту – дуэт VERANIKA KRUHLOVA & VALERIA DELE

***

Press-room з Уладам Грынеўскім і трыма дзівамі: Маргарытай, Бятай і Аляксандрай:

****

З Маргарытай Ляўчук прысутныя на фэсце спяваюць гімн „Пагоня”:

***

Працягвае канцэртную праграму оперная спявачка Маргарыта Ляўчук:

***

ISNA TRIO расказвае нашаму карэспандэнту Яне Запольскай пра сваю дзейнасць на ніве культуры, этнаграфіі і беларушчыны.

***

Вядоўцы ўзгадалі палітвязняў, у тым ліку мастака Алеся Пушкіна, у якога сёння дзень народзінаў, музыкаў „Басовішча”. А  таксама заклікалі падтрымаць рублём дзеячаў культуры і палітвязняў.

***

Пачаўся канцэрт, выступае гурт ISNA TRIO.

***

Пачынаецца афіцыйнае адкрыццё Фестывалю Абуджаных “Tutaka”.  Вядоўцы імпрэзы – паэтка Валярына Кустава і журналіст Зміцер Косцін.

Канцэрт пачаўся хвілінай маўчання, хвілінай памяці пра нашых герояў Рэвалюцыі Годнасці.

Прывітальны ліст ад прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды зачытаў амбасадар Рэспублікі Польшча ў Беларусі Артур Міхальскі. Нагадаем, што Анжэй Дуда ўзяў ганаровы патранат над фестывалем „Тутака”. 

З вітальным словам выступіў палітык і былы міністр культуры ў Беларусі Павел Латушка:

 

*** У Польшчы праходзіць фестываль музыкі і культуры „Тутака”, які стаў працягам легендарнага фестывалю „Басовішча”. Удзельнікі і арганізатары фестывалю выказаліся для нашага радыё.

Аляксандр Радзько:

–  Я быў на «Басовішчы чатыры ці пяць разоў. Апошнія чатыры “Басовішчы” я вёў яго, таму разумею, што было на фестывалі  “Басовішча”, як гэта адбывалася, як праходзіла арганізацыя фестывалю. На жаль, ён зноў адбываецца не ў Беларусі, зноўку ў Польшчы. Хацелася б, каб гэтыя фестывалі праводзіліся менавіта ў Беларусі, каб беларуская культура гучала на радзіме.

Алесь Маўчанаў “Свабодны тэатр”:

–  Уражанні вельмі пазітыўныя, класныя, таму што гэта такі фэст, які збірае самых прыгожых беларусаў. І тады было класна, спадзяюся, што і зараз будзе.

Заяўленыя добрыя гурты, мы будзем аб’яднаныя, таму што 2020  год беларусаў аб’яднаў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Мы бачым гэта праз інтэрнэт, па сустрэчах Ціханоўскай  у розных гарадах у розных краінах. Наколькі зараз моцная дыяспара ва ўсіх краінах.

Сяргей Будкін, кіраўнік Беларускай Рады культуры:

–   Фестываль “Басовішча” быў безліч разоў, першы хіба што ў 2003-ім, потым даводзілася весці ў тым ліку як вядоўцу Радыё Рацыя. Я памятаю трохдзённае “Басовішча”, якое мы вялі там ад 14.00 да 2.00. Гэта было страшна цікава. Выключна станоўчыя эмоцыі, звязаныя з гэтым фестывалем. Я калісьці адкрыў для сябе вось гэтую частку Беларусі.

Афіцыйнае адкрыццё фестывалю адбылося а 20:00 у пятніцу, 6 жніўня, сам фестываль працягнецца да суботы.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Францішак Цярэшка, Беларускае Радыё Рацыя

***

Ідзе падрыхтоўка да канцэртавай праграмы

* * * 

У Дыскусійнай студыі фестывалю  – размоўная панель „Беларусь-2021. Палітычны погляд”. Улад Грынеўскі размаўляе з Вольгай Кавальковай – сябрай Прэзідыуму Каардынацыйнай рады – органа, які паўстаў, каб весці дыялог беларускага грамадства з уладамі Беларусі. 

* * * 

У Дыскусійнай студыі Фестывалю абуджаных “Tutaka” – дыскусія ” Культура мацней за дыктатуру”.

У студыі карэспандэнт Улад Грынеўскі размаўляе з Андрэем Хадановічам, беларускім паэтам і перакладнікам, Сяргеем Будкіным, беларускім музычным прадусарам, аўтарам шэрагу музычных праектаў, цяпер кіраўніком Рады Беларускай культуры і Сержуком Доўгушавым, музыкам, мульці-інструменталістам, этнографам, ініцыятарам „Спеўных сходаў”.

Беларуская культура выконвае тэрапеўтычную ролю, – заявіў беларускі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч падчас дыскусіі.

– Яна дазваляе чалавеку схапіцца за нейкую, можа нават уяўную кропку апоры. Уздыхнуць, калі цяжка дыхаць. У нас ніхто ніколі на афіцыйным дзяржаўным роўні не займаўся сістэматычнай культурнай палітыкай. Дзяржава, рэжым найлепшае што маглі для культуры рабіць – гэта не умешвацца.

Да дыскусіі далучылася Наталля Задзяркоўская, былая начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Беларусі, зараз адказная ў НАУ за культуру і нацыянальную спадчыну.

* * * 

Фестываль „Тутака” ўжо пачаўся ў Гарадку. На тым самым месцы, дзе шмат гадоў праходзіў славуты фестываль “Басовішча”. Арганізатары хочуць прыгадаць той дух свабоды, які панаваў на паляне Барык побач з Гарадком на польска-беларускім памежжы. Па дамове з Беларускай Радай Культуры фестываль стане фінальным акордам Тыдня беларускай культуры.

Арганізатары стварылі магчымасць удзельнічаць у фестывалі анлайн. У Ютуб-канале фестывалю і на сайце „Радыё Рацыя” ідуць трансляцыі канцэртаў і дыскусійных сустрэч.

З намі на сувязі праграмны дырэктар “Радыё Рацыя” Юрка Ляшчынскі:

– Пераемнасць фестывалю абуджаных Тутака і “Басовішча” – тое ж самае месца і дождж, які заўсёды мусіць ісці ў першы дзень фэсту! Сцэна і намётавае мястэчка знаходзяцца на тым жа месцы. Ёсць вялікі стэнд, на якім распісана што і дзе знаходзіцца і якая праграма фэсту. А 15-й гадзіне пачалася першая дыскусія ў Дыскусійнай студыі фестывалю: „Рабочыя – рухавік беларускіх пераменаў”, якую вядзе нашая карэспандэнтка Яна Запольская. Затым, а 16, дыскусія „Культура мацней за дыктатуру”, якую вядзе Улад Грынеўскі. А затым дыскусія „Беларусь-2021. Палітычны погляд”.

А 20-й пачнуцца канцэрты. У намётавае мястэчка ўжо пачалі з’язджацца людзі. Паступова запаўняецца паркоўка для машын. Працуюць крамы.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

* * * 

На Ютубе „Беларускага Радыё Рацыя” – Дыскусійная студыя Фестывалю абуджаных “Tutaka”: „Рабочыя – рухавік беларускіх пераменаў”.

Яна Запольская гутарыць з Сяргеем Дылеўскім – лідарам стачкаму  Менскага трактарнага заводу, сябрам Прэзідыуму Каардынацыйнай рады ў час акцый пратэсту ў 2020 годзе, былой старшынёй страйкама прадпрыемства „Гроднапрамбуд” Юліяй Сліўко і Уладзімірам Цімошчанкам, інжынерам, пазней слесарам з „Беларуськалію”, сябрам стачкаму на прадпрыемстве.

* * * 

Ва ўрочышчы Барык каля Гарадку на Беласточчыне неўзабаве пачнецца першы фестываль беларускай сучаснай культуры. Завяршаюцца апошнія прыгатаванні да першага дня праграмы. Надвор’е пакуль не вельмі спрыяе фестывалю.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Францішка Цярэшкі, Улі Шубзды, Юркі Ляшчынскага