125 гадоў з дня нараджэння Веры Маслоўскай



Беларуская грамадска-палітычная, культурная дзеячка, паэтка Вера Маслоўская (дзявочае – Матэйчук, псеўданім Мурашка) нарадзілася 24 сакавіка 1896 г. у вёсцы Агароднічкі каля Супраслю. Паходзіла з сялянскай сям’і. Вучылася ў Агароднічках і Супраслеўскай школе для дзяўчат, пасля працавала на тэкстыльнай фабрыцы. Арганізавала страйк рабочых, за што яе звольнілі з працы. Матэрыяльнае становішча было цяжкім. Вучылася дома і ў 1914 г. здала экстэрнам выпускныя экзамэны ў Свіслацкай настаўніцкай семінарыі.

Калі атрымала дыплом настаўніцы, пачалася вайна. У канцы 1915 г. нямецкія ўлады пастанавілі, што школьныя заняткі павінны быць на роднай мове насельніцтва. Паўстала магчымасць арганізацыі беларускіх школаў. У 1917 г. Вера зноў у Свіслачы, на 4-месяцавых педагагічных курсах пры створанай беларускай настаўніцкай семінарыі. Скончыўшы іх, паехала ў вёску Грабавец Арлянскай гміны, арганізавала беларускую народную школу, якой кіравала цягам 2-х гадоў. У жніўні 1919 г. была на беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні. Далей настаўнічала на Міншчыне (в. Карма Ігуменскага пав.), была школьным інструктарам на Барысаўскі і Дзісенскі паветы. Адна з заснавальніц і старшыня Цэнтральнага саюза беларусак, створанага вясной 1920 г. ў Мінску. Увайшла ў БПС-Р, пад уплывам Палуты Бадуновай напісала свой першы верш “Ідзі!”, надрукаваны ў мінскай газеце “Беларусь”.

12 лютага 1920 г. Вера выйшла замуж за Уладзіслава Маслоўскага – беларуса з Віленшчыны, які неўзабаве загінуў на фронце. У канцы 1920 г. вярнулася ў Агароднічкі з заданнем стварыць на тэрыторыі Беластоцкага, Бельскага, Сакольскага паветаў падпольную арганізацыю. Кіраваў ёю ўрад Ластоўскага, які быў у Коўне. Пад канец 1921 г. арганізацыя мела ўжо ячэйкі ва ўсіх паветах Беласточчыны і Гарадзеншчыны, а ў раёне Белавежскай пушчы – партызанскае злучэнне. У верасні 1921 г. ў Празе ішла Усебеларуская нацыянальна-палітычная нарада, у якой Маслоўская ўдзельнічала як дэлегат. Пасля вяртання Маслоўскай на радзіму ў снежні 1921 г. у арганізацыю пранік правакатар, у сакавіку 1923 г. 43 падпольшчыкі з Маслоўскай на чале апынуліся за кратамі. У траўні 1923 г. у Беластоцкім акруговым судзе ішоў “Працэс 45-і”. Цэнтральнай фігурай была Маслоўская, якую вінавацілі ў кіраванні падпольнай арганізацыяй. Маслоўская прызнала, што брала актыўны ўдзел у арганізацыі, каб аб’яднаць усе часткі падзеленай Беларусі, аднак вінаватай сябе ня лічыць. У выніку ёй прысудзілі 6 гадоў турмы. Была зняволена ў Беластоку і Варшаве. Дасылала на волю свае лісты і вершы.

Дзякуючы прадстаўніцы савецкага Чырвонага крыжа ў Польшчы Стэфаніі Сэмпалоўскай Веру вызвалілі з турмы датэрмінова (чэрвень 1927 г.). 21 лістапада 1927 г. выйшла замуж за Уладзіміра Карчэўскага. Доўгі час была беспрацоўнай. Спярша сям’я жыла ў Гайнаўцы, а потым у Альпені на Палессі і ў Кодані над Бугам, дзе Вера была арганізатарам мастацкай самадзейнасьці. Да настаўніцкай працы Вера з мужам вярнуліся пры савецкай уладзе. З восені 1939 г. працавалі ў Калантаях (Свіслацкі раён), а летам 1940 г. вярнуліся ў Агароднічкі, дзе настаўнічалі, у вайну і пасля вайны. З-за пагрозы жыццю ў чэрвені 1946 г. выехала ў Жагань на Сілезіі. Арганізавала дзіцячы садок, якім кіравала 5 гадоў. У сярэдзіне 1951 г. вярнулася ў Супрасьль, дзе загадвала гарадской бібліятэкай, працавала ў Лізе жанчын, была абраная раднай у беластоцкую Павятовую раду. З верасня 1958 г. на пенсіі. Памерла ў Супраслю, пахаваная на мясцовых могілках.

Беларускае Радыё Рацыя