13 лістапада – Сусветны Дзень невідушчых



13 лістапада Сусветная арганізацыя здароўя адзначае Сусветны Дзень невідушчых. Менавіта ў гэты дзень у 1784 годзе французскі педагог Валянцін Гаюі адкрыў першую ў свеце школу для дзетак, якія не бачаць. Беларускія невідушчыя часта вымушаныя ездзіць на рэабілітацыю ў далёкія рэгіёны Расеі, хоць магчымасць рэабілітацыі ёсць таксама і ў Польшчы – гаворыць невідушчы дактарант Варшаўскага ўніверсітэту Вячаслаў Чэрнеў.

Магчымасць прыняцця на рэабілітацыю дзетак і маладых людзей з Беларусі дэкларавала і дырэктарка школьна-выхаваўчага асяродку для невідушчых у Лясках Эльжбета Шчэпкоўска. Тым больш, што ў асяродку ёсць дзеці з-за мяжы.

Больш падрабязна распавядае Вячаслаў Чэрнеў:

– У Беларусі хоць нейкая рэабілітацыя пачалася. Але ўзровень непараўнальны нават з расейскім. Я вядома не кажу пра такія адзінкавыя выпадкі, калі чалавек пасля такіх курсаў у Беларусі будзе вельмі добра рэабілітаваны, гэта залежыць, між іншым, ад ступені кантакту між настаўнікам і навучэнцам. Але сапраўды ў шмат якіх выпадках людзі вымушаныя ехаць на рэабілітацыю нават не на Урал, а на Алтай. То-бок, яшчэ далей, амаль што на мангольскую мяжу. Вельмі далёкі свет сапраўды для беларусаў. І ў той жа час вельмі вядомы ў Польшчы асяродак рэабілітацыі невідушчых – гэта Ляскі. Гэта вёска знаходзіцца недалёка ад Варшавы.

РР: Вячаслаў, мы з вамі таксама там былі ў гэтым асяродку, якія вашыя ўражанні ад наведвання?

Вячаслаў Чэрнеў: Вельмі пазітыўныя. Мне спадабалася ўвогуле арганізацыя працы ў гэтым месцы. І яна вельмі адрозніваецца ад таго, што людзі маюць, напрыклад, у Расеі, дзе я бываў. Мабыць таксама і беларускіх. Бо нават не ў кожнай школе для відушчых дзеці ў Беларусі бачаць не толькі паўнавартаснае футбольнае поле, але таксама, напрыклад, гэтак званаю гіпатэрапію. Дзеці, якія маюць яшчэ нейкую дадатковыя праблемы, апрача невідушчасці, вельмі ахвотна працуюць у пары з канямі. І гэта сапраўды так, бо коні вельмі цікавыя жывёлы, яны шмат што адчуваюць. І дзіця ўваходзіць у пэўны кантакт. Што мне спадабалася ў Лясках, тут не толькі невідушчыя дзеці, але таксама невідушчыя з дадатковым парушэннямі, напрыклад, слепаглухія, альбо невідушчыя з нейкімі інтэлектуальнымі парушэннямі, яны таксама могуць у гэтым асяродку рэабілітавацца. Яны навучаюцца па спрошчанай праграме. Іх вучаць лічыць, пісаць, наколькі дзіця можа зразумець. А калі падыходзіць адпаведны ўзрост, яны атрымліваюць яшчэ і нейкую прафесію.

Цалкам матэрыял:

Кантакты да Школьна-выхаваўчага асяродка ў Лясках можна знайсці на сайце laski.edu.pl.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя