14 кацянятаў знайшлі прытулак на Падляшшы
Свет не без добрых людзей! 14 кацянят з Тапаркоў ад Віталіса Сохі знайшлі надзейны прытулак. Усё гэта дзякуючы людзям добрай волі, а перад ўсім Галіне Гжэшкевіч з Гайнаўкі, якая прыехала ў Тапаркі, сфатаграфавала коцікаў, і дала абвестку ў Фэйсбуку. Адгукнулася шмат людзей, кажа Галіна Гжэшкевіч:
„Цягам некалькіх хвілінаў ад маменту агалашэння прыйшло вельмі шмат прапаноў дапамогі ад людзей. Такія фонды, як „tymczasy u Magdy -Szare Bure Nieponure” і „zwierzokracja”. Было 14 кацянят. 12 узяла фундацыя Магды, а 2 паехалі да „zwierzokracji”. Фонд „zwierzokracja” мае гэтых кацянят у спецыяльнай клініцы, там ёсць усе ўмовы для ніх”.
Галіна Гжэшкевіч будзе надалей дапамагаць Віталісу Соху, паколькі у Тапарках засталіся яшчэ 5 катоў, якія патрабуюць стырылізацыі . Пра праблемы з катамі ў Тапарках Галіна Гжэшкевіч даведалася з »Нівы». Далейшы лёс коцікаў з Тапаркоў можна адсачыць на сайце фондаў „tymczasy u Magdy -Szare Bure Nieponure” і фонду „zwierzokracja”.
