16 чэрвеня – 80-ая гадавіна пацыфікацыі вёскі Райск, што на Бельшчыне



16 чэрвеня 1942 года гітлераўцы расстралялі 149 мірных жыхароў Райска. Хлопцаў вывезлі на прымусовыя працы для Трэцяга Рэйху, а жанчын з дзецьмі перасялілі ў іншыя мясцовасці Падляшша. Пацыфікацыя Райска была пакараннем за абстрэл нямецкай машыны савецкімі партызанамі, непадалёк гэтай вёскі.

Трагічныя падзеі чэрвеня 1942 году назаўсёды памянялі жыццё ацалелых, якія былі сведкамі смерці сваіх родных і суседзяў, а пасля назаўсёды мусілі пакінуць родную вёску, якую гітлераўцы загадалі спаліць і заараць.

Валянціна Семенюк з дому Чыквін мела тры гады калі, яе бацьку Андрэя забілі немцы. Было яму ўсяго 35 гадоў.

Усіх сагналі пад цэркву. Я маленькай была, але памятаю. Бацька трымаў мяне на руках. Немцы загадалі, каб усе мужчыны выйшлі на вуліцу. Калі тата мяне паставіў, я вельмі крычала. Як сёння памятаю як тата пайшоў. І так паставілі гэтых мужчын у два рады на вуліцы і погналі.

Погналі туды за вёску і там пачалі страляць. Як пачалі пад цэркваю людзі крычаць, плакаць. Не ўяўляеце, як гэта было.

Кожны год 16 чэрвеня над брацкай магілай ў Райску праводзіцца малебен за трагічна загінулых у 1942 годзе жыхароў вёскі.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]