17 лютага – Дзень памяці мучаніка Антонія Супрасльскага



17 лютага ў праваслаўнай царкве адзначаецца памяць мучаніка Антонія Супрасльскага. Гэты святы яшчэ нядаўна быў невядомы сярод вернікаў на Падляшшы і нават сярод супрасльскіх манахаў і праваслаўных ерархаў. У 2002 годзе звесткі пра яго паходжанне былі знойдзены ў маскоўскіх архівах. Антоній нарадзіўся на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ў Бельску Падляшскім. У маладосці адзначаўся імпульсіўным характарам і ў гневе забіў чалавека. Пасля гэтага здарэння паступіў у Супрасльскі манастыр. Некалькі гадоў правёў на грэцкай святой гары Афон.

Памёр мучаніцкай смерццю ў Cалоніках, апанаваных у гэтыя часы мусульманамі, расказвае даследчык жыцця супрасльскага святога, прафесар Антон Мірановіч.

– Зайшоў да царвы Ахірапіітос у Салоніках, гэтая царква адной з найстарэйшых у Салоніках, у той час была перароблена на масульманскі мячэт. Ён пачаў там маліцца па-хрысціянску. І тады яго забілі. Яны хацелі, каб ён змяніў веру. Аднак ён застаўся пры сваёй веры. Важна, што мы маем чарговага нашага заступніка на нябёсах. І гэта адзін са святых, які паходзіць з нашай беларускай тэрыторыі і зараз упісаны ў лік святых, не толькі беларускіх, але і ў цэлай праваслаўнай царкве.

 

У 500 гадавіну смерці мучаніка Антонія ў Супрасльскім манастыры архіепіскап беластоцкі і гданскі Якаў і епіскап супрасльскі Рыгор адправілі ўрачыстую літургію. У Супрасльской акадэміі прайшла таксама канферэнцыя і прэзентацыя кніжкі Антона Мірановіча, прысвечаная святому з Падляшскай зямлі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.