Шматтысячны „Марш міру” ў Маскве пад украінскімі сцягамі (абноўлена)



«Марш міру» супраць вайны ва Украіне прайшоў 21 верасня ў Маскве, некалькіх расейскіх гарадах і за мяжой. Асноўнае патрабаванне — спыніць расейскае ўмяшанне ў справы Украіны і спыніць сакрэтны, але відавочны, удзел Расеі ў вайне на ўсходняй Украіне.

«Хопіць хлусіць і ваяваць» — галоўны лозунг «Маршу міру» ў Маскве, які праходзіў па Бульварным кальцы, пачаўся з Пушкінскай плошчы і закончыўся на праспекце Сахарава.

Праз сацыяльныя сеткі на ўдзел у маршы запісаліся каля 8 тысяч чалавек. Ацэнкі колькасці непасрэдных удзельнікаў паліцыяй і арганізатарамі разыходзяцца, афіцыйна іх было 3000, па дадзеных валанцёраў праекту «Белы лічыльнік» — да 15 тысяч.

Некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся ў цэнтры Кіева з нагоды Міжнароднага дня міру.

Удзельнікі акцыі трымалі ў руках плакаты з надпісамі «Наша зброя — гэта мір», «Ракеты павінны быць касьмічныя, а не тактычныя!».

* * *

21-га верасня антываенныя сілы Расеі правядуць у Маскве Марш міру. Марш міру пройдзе па маршруце ад метро «Пушкінская» да праспекта Сахарава.

Гэты «Марш» стане, як паведамляюць арганізатары, працягам аднайменнай акцыі супраць вайны ва Украіне, якая прайшла ў Маскве 15 сакавіка.

Маскоўскія ўлады дазволілі правесці шэсце. Арганізатары чакаюць удзелу 50 тысяч чалавек.

21 верасня ў некалькіх рэгіёнах Расеі праходзяць «Маршы міру». Супраць вайны ва Украіане. Як стала вядома, у расейскім Барнауле ў нядзелю на мясцовага актывіста Арцёма Касарэцкага, які стаяў у адзіночным пікеце супраць вайны на ўсходзе Украіны, напалі невядомыя і парвалі яго плакат з надпісам «Сыбір супраць вайны».

Як паведамляе праваабарончы партал «АУС-Інфа», пазьней Касарэцкага і яшчэ аднаго актывіста, Віктара Рау, затрымалі паліцыянты. У паліцыі Касарэцкі і Рау напісалі тлумачальныя, пасля чаго былі адпушчаныя.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота utro.ru