31 год таму памёр Кастусь Сідаровіч



29 траўня 1990 года памёр легендарны беластоцкі беларускі дзеяч Кастусь Сідаровіч.

Рэканструкцыя фота Кастуся Сідаровіча аўтарства Руслана Чатырко.

Ён быў адным з першых на Беласточчыне, хто пачаў змаганне за беларускую мову і культуру.

Нарадзіўся ў 1906 годзе ў Беластоку, дзе пачаў сваю адукацыю ў пачатковай школе. Настаўнікі вучылі мясцовых праваслаўных, што яны належаць да „исконно русского мира”.

У 1915 годзе Кастусь Сідаровіч апынуўся са сваімі бацькамі ў Екацярынаслаўлі, у бежанстве, дзе яго называлі палякам. Там ён працягнуў вучобу, дзе яго далей пераконвалі, што ўсе праваслаўныя павінны адчуваць „духоўнае адзінства з расейскім народам”.

Вярнуўся ў Беласток калі яму было 16 гадоў, дзе ў 1923 годзе ўпершыню пачуў пра беларускіх паўстанцаў, якія змагаліся за вольную Беларусь. Іх судзілі ў мясцовым судзе – гэта быў гучны „працэс 45-ці”. Падзея моцна паўплывала на фармаванне нацыянальных поглядаў юнака.

Неўзабаве ён атрымаў і першы палітычны досвед. У 1926 годзе браў удзел у з’ездзе Беларускай сялянскай-работніцкай грамады ў Беластоку, які быў разагнаны. Стаў адным з заснавальнікаў Беластоцкага павятовага камітэта БСДГ. Працягваў змаганне за беларушчыну ў шэрагах „Грамады” да часу яе забароны польскімі ўладамі.

У 1927 годзе быў у ліку стваральнікаў і актывістаў гуртка Таварыства беларускай школы ў Беластоку, які быў адным з найбольш актыўных у Заходняй Беларусі.

У 1935 годзе спрабаваў заснаваць у Беластоку гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У 1937 годзе ўдзельнічаў у стварэнні Кааператыўнага таварыства працаўнікоў беларускага тэатра „Полымя”, які дзейнічаў на Беласточчыне.

У 40-х падчас нямецкай акупацыі быў членам Беларускага камітэта ў Беластоку, дзе спяваў у хоры і граў у аркестры. Пасля вайны яму часта даводзілася тлумачыць афіцэрам дзяржаўнай бяспекі, чаму спяваў у канцэртных залах, а не ў лесе для партызанаў.

У 1944 годзе стаў ініцыятарам аднаўлення дзейнасці тэатральнага кааператыву „Полымя”, які быў ліквідаваны ўжо новай уладай Польшчы.

У 1945 годзе Кастусь Сідаровіч быў сярод арганізатараў беларускай школы ў Беластоку. Пасля бараніў яе ад пераўтварэння ў расейскамоўную.

У часы Польскай Народнай Рэспублікі далучыўся да дзейнасці Беларускага грамадска-культурнага таварыства і працаваў у тыднёвіку „Ніва”. Перадаў БГКТ тэатральныя дэкарацыі створаныя Язэпам Драздовічам для ТБШ у 1933 годзе, якія захоўваў на гарышчы свайго дома. Падтрымліваў сувязь з беларускімі эмігрантамі, за што трапіў пад нагляд Службы бяспекі ПНР.

Быў гадзіншчыкам па прафесіі.

Пахаваны на праваслаўных могілках парафіі Усіх Святых у Беластоку.

Беларускае Радыё Рацыя