7 жніўня – Успенне праведнай Ганны



7 жніўня Царква малітоўна ўзгадвае Успенне праведнай Ганны – маці Багародзіцы. Праведная Ганна – заступніца жанчын-парадзіх. Пасля гадоў бяздзетнасці Ганне і яе мужу Яхіму явіўся анёл, які паведаміў, што ў іх народзіцца дзіця. Ганна паабяцала прысвяціць дзіцяці Госпаду. Бацькі аддалі Марыю на выхаванне ў храм, калі ёй споўнілася тры гады. Святкаванні Успення праведнай Ганны найбольш вернікаў збіраюць у Старакарніне.

– Памаліцца за здароўе, каб Госпад даў здароўя.

– Прыехала памаліцца, каб крыху лягчэй жылося. Я мела трагедыю ў сям’і. Мне тут добра. Як прыеду і паслухаю, як моляцца, то мне пасля становіцца лягчэй.

– Калісьці мама кожны год прыязджала, а цяпер я. Мамы ўжо амаль 30 гадоў няма, я прыязджаю сюды.

У Старакарніне ёсць царква ў гонар праведнай Ганны. Малітоўныя святкаванні пачаліся ўжо ўчора і працягваліся ўсю ноч. Узначаліў іх епіскап Гайнаўскі Павел. Галоўная багаслужба пачнецца сёння ў 10 гадзін.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара