У Кіеве прайшла „Ноч не расстралянай паэзіі”
У Кіеве прайшла „Ноч не расстралянай паэзіі” – імпрэза, якая нагадала пра трагічныя падзеі ў Беларусі 29-30 кастрычніка 1937 года. Менавіта тады ў падвалах менскай турмы НКУС былі расстраляны больш за 100 беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, навукоўцаў і дзяржаўных дзеячаў.

„Цяпер жа, праз 84 гады, беларусы Кіева сабраліся разам, каб прыгадаць гісторыю Радзімы і падтрымаць адзін аднаго”, – кажа суарганізатар імпрэзы:
– Дата вельмі важная таму, што наступствы 1937 года мы пабачылі ў 2020 годзе. Гэта непражытая гісторыя, гэта неасэнсаваная гісторыя, таму гэтую дату мы павінны памятаць, мы павінны яе перажываць, каб у нас была будучыня, таму мы вырашылі ў Кіеве зрабіць таксама імпрэзу „Ноч не расстраляная паэзіі”. Паэты жывыя, калі пра іх памятаюць, калі гучаць іх словы, іх вершы.
На імпрэзе госці не толькі пачулі творы расстраляных паэтаў, але і даведаліся сумныя біяграфіі аўтараў, узгадалі замалёўкі з гісторыі краіны. Акрамя таго, убачылі ўдзельнікі мерапрыемства і невялікае відэа, прысвечанае падзеям 29-30 кастрычніка 1937 года, падчас якога выступіла Святлана Ціханоўская.
Беларускае Радыё Рацыя
