75-я гадавіна паўстання ў Беластоцкім гета



Беластачане адзначылі 75-ю гадавіну паўстання ў гета. А 12-й гадзіне ў Беластоку загучалі сірэны і зазванілі званы ў знак памяці пра гераізм габрэйскіх паўстанцаў.

Галоўныя ўрачыстасці прайшлі пад помнікам Героям Гета. На плошчы імя Мардэхая Танэнбаўма прамаўляў, сярод іншых, прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі ды нашчадкі ацалелых падчас Халакосту беластоцкіх габрэяў. Прагучала малітва за памерлых — кадыш:

– Бацькі ўвесь час пра гэта казалі, знаёмыя бацькоў пра гэта казалі – толькі пра Беласток, што прайшлі, і пра гета, і пра сем’і. Я ўсё гэта чула і заўсёды прыязджала ў Беласток.

Галоўны равін Польшчы Міхал Шудрых:

– Быць тут разам раз на год, на гадавіну, гэта важна. Ёсць штодзённыя справы, варта не толькі памятаць, але і жыць. Людзі, якія ўдзельнічалі ў паўстанні, для мяне гэта прыклад, што ніколі не трэба губляць надзеі.

У межах мерапрыемства адбылася тэматычная дыскусія прысвечаная паўсядзённаму жыццю ў гета і яго знішчэнню. Таксама быў прэзентаваны дзённік Давіда Шапіры.

Прэзентацыя дзённіка Давіда Шпіры прайшла ў Цэнтры Людвіка Заменгофа. Гэта ўнікальныя нататкі маладога беластоцкага габрэя часоў Другой сусветнай вайны. Выпадкова знойдзены дзённік атрымаў новае жыццё дзякуючы галерэі Слендзінскіх у Беластоку.

Гэта жывы запіс таго, што адбывалася ў гета, кажа рэдактар кнігі Давід Буйло:

– Гэта кніжка дае зразумець, што адбывалася. У адрозненні ад іншых успамінаў з Беластоцкага гета, якія з’яўляліся пасля вайны, гэтыя пісаліся ў той час. Гэта дазваляе зусім па-іншаму на гэта паглядзець.

Свае нататкі Давід Шпіра вёў з 1939 па 1943 год, калі ў Беластоцкім гета пачалося паўстанне. Мяркуецца, што яго аўтар не перажыў вайну.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя