77-ая гадавіна спалення фашыстамі Вялікай Сінагогі ў Беластоку



У Беластоку адзначаюць 77-ю гадавіну спалення фашыстамі Вялікай Сінагогі. Кветкі і знічы пры помніку, які знаходзіцца на месцы сінагогі, усклалі прадстаўнікі ўлады горада і ваяводства, а таксама жыхары Беластока.

Беластачане сабраліся таксама пры яўрэйскіх могілках у цэнтры горада і праз яўрэйскі раён Ханайкі прайшлі пад сінагогу. Паводле арганізатаркі сустрэчы Яланты Шчыгел-Рагоўскай, мерапрымствы, што адбыліся ў Беластоку 27 чэрвеня, – гэта ўшанаванне ўсіх ахвяраў тых жахлівых дзён.

– Немцы проста атачылі жылы раён і выцягвалі адтуль мужчын, хлопцаў. Відавочна, у самой сінагозе згарэлі жыўцом каля 600 чалавек. Расправы адбываліся і па ўсім жылым раёне – людзей расстрэльвалі прама на вуліцы. Лічба ахвяр таго дня сягае каля 2 тысяч чалавек.

27 чэрвеня 1941 года ў першы дзень акупацыі Беластока немцы загналі ў Вяліку Сінагогу каля 600 чалавек і падпалілі будынак. Пры помніку працуе выстава здымак сінагогі з міжваенных часоў.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток