ААН не мае дадзеных аб забойствах мігрантаў на мяжы



Офіс ААН па правах чалавека не мае дадзеных аб масавых забойствах мігрантаў на польска-беларускай мяжы. Пра гэта заявіла афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Элізабэт Тросэл, пішуць РІА Навіны.

«У нас няма дадатковай інфармацыі аб абвінавачваннях, аб якіх вы ўзгадалі. Як вы ведаеце, офіс ААН па правах чалавека неаднаразова выказваў сваю заклапочанасць адносна смерці некалькіх чалавек на мяжы Беларусі з ЕС. Мы заклікалі да таго, каб былі зроблены ўсе неабходныя меры, каб пазбегнуць новых смерцяў, а ў дачыненні да тых выпадкаў, якія ўжо адбыліся, было праведзена эфектыўнае і незалежнае расследаванне», – сказала яна.

Паводле яе слоў, офіс працягне ўзаемадзеянне з зацікаўленымі краінамі і зноў „паўтарае свой заклік абараняць правы чалавека ўсіх бежанцаў і мігрантаў”.

Раней былы польскі салдат Эміль Чэчка, які перайшоў на тэрыторыю Беларусі, даў мноства інтэрв’ю, дзе распавёў, што польскія памежнікі нібыта расстрэльвалі на мяжы і мігрантаў, і валанцёраў, якія дапамагалі ім, і сам ён таксама нібыта здзяйсняў такія забойствы (МУС Польшчы гэта абвергла). У Польшчы Чэчка асуджаны па крымінальным артыкуле за здзекі і фізічны гвалт над маці. 21 снежня Чэчку былі афіцыйна прад’яўленыя абвінавачванні ў дэзерцірстве пры абцяжваючых абставінах. Яму пагражае да 10 год пазбаўлення волі. Нядаўна стала вядома, што ён звярнуўся ў Гаагскі трыбунал у сувязі з падзеямі на мяжы.

[manual_related_posts]