Абрад беларускіх Дзядоў ад бельскага Універсітэту Залатога Веку



Была куцця, беларускамоўная абрадавая частка ды за супольным сталом успаміналі тых, каго ўжо няма з намі.

Сябры Аб’яднання Універсітэт Залатога Веку ў Бельску-Падляшскім паказалі бельскай моладзі беларускі абрад Дзядаў. “Гэта адна з цыклу сустрэч, ладжаных нашымі студэнтамі ў рамках публічнага задання “Не закрывайма вокны на свет старэйшыны,” – паясняе старшыня аб’яднання Тамара Русачык:

– Прыйшоў час на беларускія традыцыі і звычаі. Вырашылі паказаць абрад  Дзяды, бо мы іх рэалізуем у жыцці, толькі не ведаем, што гэта Дзяды. Мы ў гэтыя духоўныя спавы ўключаемся павярхоўна. А тут вырашылі глыбей увайсці, больш  успамінаць, надаваць больш увагі духоўнаму.

Чыталіся беларуска- і польскамоўныя вершы. Узгаданая была асоба Марылькі Базылюк-Саснюк – вядомай паэтэсы, настаўніцы і грамадскай актывісткі беларускага руху, якая памерла пася цяжкай хваробы на 37-м годзе жыцця. Апошнім пунктам сустрэчы было перфарматыўнае чытанне моладдзю II часткі “Дзядоў” Адама Міцкевіча.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя    

Фота аўтара