Адбылася нарада па пытанні стварэння Комплексу школа-садок № 7 у Беластоку



Учора, 15-га студзеня, прайшла нарада адносна знятага з сесіі Рады Беластока праекта пастановы аб стварэнні Комплексу школа – дзіцячы садок No7. У пасяджэнні прынялі ўдзел: намеснік дырэктара пачатковай школы No 4, старшыня бацькоўскага савета абедзвюх устаноў, члены Аб’яднання АБ-БА, журналіст, намеснік прэзідэнта горада Беластока Адам Мусюк, радныя гарадскога савета горада Беластока: Ёанна Місюк, Ксенія Юхімовіч, Стэфан Нікіцюк, аўтар петыцыі: Юліта Сцепанюк з мужам. Гаспадаром сустрэчы быў галоўны рэдактар Przeglądu Prawosławnego, Яўген Чыквін.

Падчас сустрэчы былі прадстаўлены пастулаты, якія змяшчаюцца ў Петыцыі супраць аб’яднання ўстаноў, а таксама было зададзена шмат важных пытанняў, звязаных з адсутнасцю кансультацый пры падрыхтоўцы праекта рэзалюцыі. На жаль, не ўсе з іх атрымалі адказ. Дагэтуль незразумела, хто з’яўляецца ініцыятарам аб’яднання дзіцячага садка і школы ў адзін комплекс: радныя ці прэзідэнт Беластока.

Радныя прадставілі свой пункт гледжання і, на іх думку, перавагі ад аб’яднання школы і дзіцячага садка. Яны пагадзіліся прыняць прапанаваныя змяненні да праекта пастановы, прадстаўленыя на сходзе, якія затым павінны быць прадстаўлены ў выглядзе новага праекта пастановы, па якой пасля будуць праведзены кансультацыі з усімі зацікаўленымі бакамі, г.зн. з бацькамі абедзвюх устаноў, педагагічнымі саветамі, якія дзейнічаюць у дзіцячым садку і школе, і беларускай суполкай.

На сходзе было вырашана, што ўсе бакі мусяць мець права ўносіць свае прапановы. Калі нейкі з гэтых бакоў супраць аб’яднання дзіцячага садка і школы ў адзін комплекс, гэтага быць не павінна.

Аўтары петыцыі лічаць, што ўвесь працэс павінен праходзіць, у адрозненне ад дзейнасці Рады горада да гэтага часу, спакойна, прадметна і з улікам кансультацый з усімі зацікаўленымі бакамі.

Таксама аўтары петыцыі выказваюць падзяку ўсім, за ​​шырокую падтрымку: „Калі б не вы і вашы подпісы пад зваротам, то такая сустрэча ўвогуле не адбылася б, а праект рэзалюцыі са шматлікімі фармальнымі памылкамі, верагодна, быў бы заўтра пастаўлены на галасаванне. Праект, які на практыцы азначаў бы ліквідацыю арганізацыйнай самастойнасці Дзіцячага садка № 14 у Беластоку і палажэнні якога абмяжоўвалі б магчымасць выкладання беларускай мовы ў гэтай установе”.

[manual_related_posts]