“Адкрываем нанова беларускае слова” разам з Радыё Рацыя



Удасканальваць веданне беларускай мовы зможам супольна з Беларускім Радыё Рацыя. На хвалях нашай станцыі стартуе новая перадача пад назвай “Адкрываем нанова беларускае слова”.

Як кажа яе аўтарка, дасведчаны філолаг, Аліна Залеўская, перадача скіраваная на дарослых і ставіць перад сабою найперш адукацыйныя мэты:

– Улічваючы тое, што беларуская мова мае складаны гістарычны лёс, акурат з ёй сітуацыя выглядае балючая. І для таго, каб дапамагчы засвоіць пэўныя нормы, правілы, каб мова носьбітаў гучала прыгожа, меладычна. Таму што беларуская мова такая і ёсць. Сыходзячы з гэтага, старалася рабіць праграму адукацыйнай.

Дзеля дасканалення сваёй беларускай мовы, варта чытаць кнігі – працягвае Аліна Залеўская:

У плане мовы вельмі багаты Васіль Быкаў, вельмі багаты Уладзімір Караткевіч. Багатыя паэты ёсць: Гілевіч, Някляеў. Сярод сучаснікаў вельмі шмат пісьменнікаў, у якіх ідзе мова ад сэрца. Мы можам прыгадаць і Віктара Сазонава, мы можам прыгадаць Альжбету Кеду. Я раю ў першую чаргу чытаць кнігі. У другую чаргу, канечне, размаўляць.

Праграма “Адкрываем нанова беларускае слова” аўтарства Аліны Залеўскай будзе гучаць на хвалях Беларускага Радыё Рацыя кожную суботу ў 13.30 паводле беларускага часу. Адпаведна, паводле польскага – на дзве гадзіны раней.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя