Акцыя салідарнасці з беларусамі на беларуска-польскай мяжы



“Шлях да свабоды” ­- матарызаваная акцыя салідарнасці з беларусамі прайшла ў Кузніцы Беластоцкай і ваколіцах.

Гэтая падзея стала заяўленнем пра тое, што простыя палякі падтрымліваюць беларусаў і  хочуць жыць побач са свабоднай Беларуссю. Выказаць салідарнасць з беларусамі прыехалі грамадзяне Польшчы з Беластока, Шчэціна, Варшавы ды іншых гарадоў. Кажуць удзельнікі акцыі:

– Мы не належым ні да якога палітычнага аб’яднання, мы з’яўляемся звычайнымі грамадзянамі, якія ў сэрцы носяць неабходнасць паказаць падтрымку народа Беларусі ў барацьбе за свабоду.

У матарызаванай акцыі салідарнасці ўзялі ўдзел больш за 400 матацыклаў і  некалькі дзесяткаў легкавых аўтамабіляў.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

Каля 500 удзельнікаў, сярод якіх каля 400 байкераў, сёння прынялі ўдзел у акцыі салідарнасці з беларусамі на беларуска-польскай мяжы, у Кузніцы.

 

Пра гэта распавяла адная з арганізатараў акцыі – Марына Ляшчэўская:

– Мы калонай рушылі ў бок Кузніцы. І амаль пад самую мяжу прыехалі з транспарантамі, са сцягамі, з балонікамі. Гэта было вельмі відовішчна і гучна. Хацелася звярнуць увагу на тое, што адбываецца ў Беларусі. Хацелася падтрымаць нашых родных і блізкіх, якія выходзяць на пратэсты. Прыцягнуць увагу СМІ.

Як паведамілі самі байкеры, яны прыехалі да беларускай мяжы, каб паказаць, што свабода наша і суседзяў важная для нас: „Мы пакажам, што нам не абыякава, што ў нас усё яшчэ ёсць сэрца, што мы, як палякі, адчуваем, што хтосьці пацярпеў, што наш польскі менталітэт непахісны і смелы, што мы не дазволім нам і іншым забраць нашу свабоду”.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя